Потым мы апынулiся ў заводскiм прадмесцi. Мой спадарожнiк змоўк. Я моцна задумалася... Думала аб заўтрашнiм днi, аб сваiм прыездзе ў Ню-Ёрк, пра Джэка, якi, напэўна, пасля гэтай незабыўнай ночы мне будзе здавацца чужым i трошкi смешным. Раптам я сказала рашуча:

- Стойце, Пiтэр!

Ён рэзка затармазiў i запытаў:

- Што такое? Вам нядобра?.. Цi, можа, у мяне што забылi?

- Не. А толькi я не хачу ехаць у Ню-Ёрк... Я не хачу яшчэ раз выходзiць замуж.

- Што?

- Я перадумала. Вы мне раскрылi вочы. Вы мне сказалi, што ў жыццi бываюць моманты, калi рашаецца ўсё, i надоўга... У мяне якраз такi момант... Я перадумала. Я не выйду замуж за Джэка Паркера.

- Вы ўскладаеце на мяне страшэнную адказнасць. Мне здаецца, я вам даў добрую параду. Але я магу памылiцца.

- Вы не можаце памылiцца. I асаблiва я не магу памылiцца. Я цяпер ясна бачу, што збiралася зрабiць глупства. Я не паеду.

- Дзякуй богу! - павесялеў ён. - Гэта вам збавенне. Iначай, папалi б у бяду. А вам не боязна вяртацца ў Парыж, даваць тлумачэннi?..

- А чаго баяцца? Мае бацькi i сябры не хацелi, каб я ехала. Яны лiчылi гэта капрызам i будуць рады, што я вярнулася.

- А мiстэр Паркер?

- Джэк паходзiць засмучаны колькi дзён цi колькi гадзiн... Пабалiць крыху ўшчэмленае самалюбства, але ён скажа сабе, што вельмi цяжка жыць з такой наравiстай жанчынай, i ўцешыць сябе тым, што развод адбыўся да шлюбу, а не пасля... Трэба толькi паслаць яму зараз жа тэлеграму, каб заўтра не шукаў мяне дарэмна.

Пiтэр уключыў матор.

- Што будзем рабiць? - запытаў ён.

- Паедзем на аэрадром. Ваш самалёт вас чакае. А я сяду на другi, вярнуся ў Францыю. Скончыўся сон.



12 из 14