
- Сон быў прыгожы.
- Але без вынiкаў.
Прыехаўшы ў аэрапорт, я зайшла на тэлеграф i напiсала тэлеграму Джэку: "Прыйшла да вываду шлюб неразумны кропка шкадую бо моцна люблю вас але не змагу жыць у чужым далёкiм краi кропка лепей незалежнасць кропка пасылаю нескарыстаны бiлет апраўдаць выдаткi кропка прывiтанне Марцэла".
Я перачытала i замест "жыць у чужым далёкiм краi" напiсала "жыць на чужыне". I ясна, i карацей.
Пакуль я складала тэлеграму, Пiтэр высвятляў, калi адправяць яго самалёт. Вярнуўшыся, ён сказаў:
- Усё - як мае быць цi лепш, нядобра ўсё: матор наладзiлi. Я вылечу праз дваццаць хвiлiн. Вам давядзецца чакаць да сямi гадзiн. Мне непрыемна пакiдаць вас адну. Хочаце, я куплю вам кнiжку?
- Не, - адказала я. - У мяне ёсць над чым падумаць.
- Вы ўпэўнены, што не будзеце шкадаваць? Яшчэ ёсць час, але, паслаўшы ўведамленне, позна будзе перайначваць.
Не прамовiўшы нi слова, я падала тэкст тэлеграмы чыноўнiку.
- Звычайная? - запытаў той.
- Спешная.
Потым я ўзяла Пiтэра пад руку.
- Дарагi Пiтэр, у мяне такое ўражанне, нiбы я праводжу да самалёта свайго самага блiзкага друга.
Я не змагу паўтарыць вам усяго, што ён мне гаварыў у гэтыя апошнiя дваццаць хвiлiн. Ён вызначыў некалькi важнейшых жыццёвых правiл. Вы не раз казалi мне, што ў мяне ёсць чалавечнасць, што я верная сяброўка i не ўмею хлусiць. Калi хоць частка гэтых добрых якасцей спраўдзiлася ва мне, я найбольш абавязана Пiтэру. Нарэшце ў дынамiк абвясцiлi: "Пасажыры да Ню-Ёрка. Рэйс шэсцьсот трыццаць два..." Я праводзiла Пiтэра да выхаду. Абняла яго там i моцна, ад душы, пацалавала. Больш мы нiколi не бачылiся.
- Нiколi не бачылiся? Чаму? Хiба вы не пакiнулi яму адраса?
- Пакiнула, але ён мне нiколi не пiсаў. Вiдаць, яму падабалася ўвайсцi вось гэтак у жыццё людзей, паказаць iм дарогу i знiкнуць.
- А прыязджаючы ў Лондан, вы не прабавалi яго знайсцi?
- Навошта? Ён сам прызнаўся, што аддаў мне сваё самае лепшае.
