Па суседству са мной сядзеў у крэсле цiкавы чалавек гадоў пад сорак. Тонкiмi, зграбнымi рысамi твару, крыху ўзлахмачанымi валасамi, адкрытай шыяй ён нагадваў ангельскiх паэтаў-рамантыкаў, у прыватнасцi Шэлi. Разглядваючы яго, я падумала: "Пiсьменнiк альбо музыкант", i мне захацелася, каб ён быў маiм спадарожнiкам у самалёце. Ён заўважыў маю збянтэжанасць i запытаў па-ангельску:

- Прабачце, мадам... Вы павiнны ляцець рэйсам 632?

- Так... А што аб'явiлi?

- Што па тэхнiчных прычынах самалёт затрымлiваецца да шасцi гадзiн ранiцы. Пасажырам, хто жадае начаваць у гатэлi, кампанiя дае аўтобус.

- Якая нудота! Ехаць у гатэль, каб а пятай гадзiне ранiцы ўставаць! Гэта жудасць!.. Што вы збiраецеся рабiць?

- О! На маё шчасце, мадам, у мяне ёсць прыяцель, якi жыве i працуе тут у аэрапорце. Машыну сваю я пакiнуў у яго ў гаражы. Я вазьму машыну i вярнуся дадому.

Праз хвiлiну ён дадаў:

- Не, лепш iначай... Я скарыстаю гэту затрымку, каб паездзiць па горадзе... Я - арганны майстар i мушу час ад часу правяраць якасць маiх iнструментаў у некаторых лонданскiх цэрквах... I вось нечаканая магчымасць наведаць дзве альбо тры.

- Вы можаце заходзiць у цэрквы ўночы?

Ён засмяяўся i дастаў з кiшэнi вялiкае вясло ключоў.

- Ну так! Уночы зручней за ўсё выпрабоўваць клавiшы i трубы. Цiха, нiкога не турбуеш...

- Вы iграеце самi?

- Стараюся.

- Гэта, мабыць, вельмi добра: арганныя канцэрты ў адзiноце i змроку.

- Добра? Не ведаю. Хоць я i люблю царкоўную музыку, арганiст з мяне няважны. Але тое, што музыка дае мне шмат асалоды, чыстая праўда.



4 из 14