Ён падумаў хвiлiну, потым сказаў:

- Ведаеце што, мадам, я хачу прапанаваць вам нешта незвычайнае... Бачымся мы ўпершыню, i права на ваша давер'е ў мяне няма... Тым не менш, калi ў вас ёсць жаданне мяне суправаджаць, я б мог вас завезцi туды i даставiць назад. Я ўпэўнены, што вы таксама iграеце.

- Iграю. А вы з чаго ўзялi?

- Вы прыгожая, як натхнёная мара артыста. Памылiцца тут нельга.

Павiнна прызнацца, камплiмент гэты мяне крануў. Штосьцi надзвычай аўтарытэтнае было ў гэтым чалавеку. Я ведала, што блукаць па Лондане сярод ночы з незнаёмым - справа рызыкоўная. Мала што магло здарыцца. Але мне i ў галаву не прыходзiла яму адмовiць.

- Паедзем, - сказала я. - А куды я дзену чамадан?

- Здадзiм яго разам з маiм у багажную камеру.

Я не змагу назваць нi тых трох цэркваў, у якiх мы пабывалi ў гэтую ноч, нi таго, што iграў на арганах мой таямнiчы спадарожнiк. Помню, як падымалася з яго дапамогай па крутых, вiтых лесвiцах, як месячнае праменне лiлося праз высокiя вокны, i цудоўную, велiчную музыку. Я пазнавала мелодыi Баха, Фарэ, Гендэля, але, часцей за ўсё, мой праваднiк iмправiзаваў. I тады яно ўзрушвала, брала за сэрца, быццам я чула бурную споведзь усхваляванай душы. Потым пераход да тонаў мяккiх, нябесных, поўных любвi i ласкi.

Ап'янеўшы ад гукаў, я запытала iмя вялiкага музыканта. Яго звалi Пiтэр Дэн.

- Вас чакае слава. Вы - генiй, - гаварыла я.

- Якi я генiй! Ноч i познi час стварылi вам iлюзiю. Я пасрэдны выканаўца. Але мяне натхняе вера i... ваша прысутнасць, на гэты раз.

Гэта яго заява не здзiвiла мяне i не абразiла. Пiтэр Дэн быў адной з тых асоб, з якiмi зблiжаешся хутка i лёгка. Ён быў з iншага свету, далёкi ад марнасцi зямное. Калi наведванне трох цэркваў закончылася, ён сказаў без усякай хiтрасцi:

- Цяпер каля дванаццацi. Вы не супраць таго, каб прабыць у мяне гадзiны тры-чатыры, якiя мы павiнны перачакаць? Я згатую амлет, ёсць фрукты... Заўтра ранiцай работнiца прыбярэ.



5 из 14