Я адчула сябе шчаслiвай, i, я ад вас не таю нiчога, а таму прызнаюся, ва мне абудзiлася няпэўная надзея, што гэты вечар даў пачатак сапраўднаму каханню. Пачуццi жанчыны ў большай ступенi залежаць ад яе ўражанняў, чым пачуццi мужчын. Гэта чароўная музыка, гэта ноч, поўная паэзii i гармонii, гэта моцная i пяшчотная рука, што падтрымлiвала мяне ў змроку, - усё спрыяла наплыву няясных жаданняў. I каб мой спадарожнiк захацеў, я б не вызвалiлася з яго ўлады... Такая мая натура.

Яго пакойчык, завалены кнiгамi, пафарбаваны ў стэрыльны белы колер з чорнай палоскай наверсе, мне спадабаўся. Адразу ж я адчула сябе, як дома, скiнула капялюш i палiто i намерылася iсцi памагаць яму гатаваць вячэру ў яго малюсенькай кухнi, але ён адмовiўся:

- Не трэба, я сам. Вазьмiце кнiгу. Гэта нядоўга, я зараз вярнуся.

Я выбрала "Санеты" Шэкспiра i паспела прачытаць з iх тры, змест якiх вельмi адпавядаў майму настрою.

Увайшоў Пiтэр, паставiў перада мной столiк, заслаў яго абрусiкам i падаў мне ўсё, што меў.

- Прыгатавана цудоўна, - кажу яму, - ем з апетытам. Прагаладалася. Вы на рэдкасць здольны чалавек. Вы так добра ўсё робiце. Шчаслiвая тая жанчына, што падзелiць з вамi жыццё.

- Нiякая жанчына не падзелiць са мной жыцця... Расказвайце пра сябе, гэта цiкавей. Вы, вядома, францужанка? Адбываеце ў Амерыку?

- Так. Выходжу замуж за амерыканца.

Ён успрыняў гэта спакойна.

- Вы яго любiце?

- Я павiнна яго любiць, паколькi вырашыла быць з iм разам да канца маiх дзён.

- Гэта яшчэ не довад, - сказаў ён. - Бываюць шлюбы, да якiх коцяцца павольна, нячутна, без асаблiвага жадання. I раптам пападаюць у палон абавязкаў. Адступiць не хапае адвагi. I жыццё сапсавана. Але ў мяне няма падстаў гаварыць вам такiя сумныя рэчы, я ж не ведаю вашага выбару. Не верыцца, каб жанчына вашага ўзроўню магла памылiцца. Адзiнае, што мяне дзiвiць...



6 из 14