Ён спынiўся.

- Гаварыце... Не бойцеся мяне пакрыўдзiць. Зрок у мяне востры... Я хачу сказаць, што ўмею глядзець на свае ўчынкi збоку i крытыкаваць iх.

- Ну добра! - прамовiў ён. - Мяне дзiвiць не тое, што вам спадабаўся амерыканец (сярод iх ёсць выдатныя людзi, ёсць вельмi прывабныя), а тое, што вы згадзiлiся правесцi з iм у яго краiне ўсё сваё жыццё... Там дык вы, напэўна, адкрыеце "новы свет", вартасцi якога будуць чужыя вам... Ангельскiя звычаi i забабоны... Хоць, можа, ваш жанiх сам па сабе такi дасканалы, што вы не прыдасце нiякага значэння асяродзiшчу, у якiм будзеце жыць.

Я на хвiлiну задумалася. Мне здавалася, я не ведаю чаму, што ўсё, што я раскажу Пiтэру Дэну, надзвычайна важна i трэба, каб я перакладала яму свае думкi дакладна, з усiмi адценнямi.

- Не перабольшвайце, - кажу, - Джэк (мой будучы муж) далёкi ад дасканаласцi i, я ўпэўнена, не заменiць сабой грамадства, якое мне адпавядала б... Джэк слаўны хлопец, сумленны, i мне ён будзе добрым мужам у тым сэнсе, што мне не здрадзiць, i я нараджу здаровых дзяцей. Але па-за клопатамi аб дзецях, па-за дзелавымi iнтарэсамi, палiтыкай i анекдотамi пра нашых сяброў у нас амаль нiчога не будзе агульнага... Зразумейце мяне правiльна. Джэк зусiм не дурнiца, кiруе справамi лепш не трэба, адчувае прыгажосць, мае свой густ... Толькi вось паэзiя, жывапiс, музыка для яго, як лiшняя нагрузка. Ён аб iх нiколi не думае... Але цi так гэта важна? Ва ўсякiм разе, мастацтва ёсць толькi адна з праяў чалавечай дзейнасцi.

- Бясспрэчна, - сказаў Пiтэр Дэн... - Можна быць чалавекам вельмi чуллiвым i не любiць мастацтва цi, дакладней, не разумець яго... Я хутчэй аддам перавагу шчырай раўнадушнасцi, чым фанабэрыстаму, вытанчанаму чыстаплюйству. Але каб быць мужам такой жанчыны, як вы... Цi ёсць у яго хоць тая мiнiмальная сардэчнасць, што дазваляе ўгадваць скрытыя жаданнi блiзкага яму чалавека?

- Ён не глядзiць так глыбока... Я яму падабаюся, а чаму - ён сам не ведае. Ён нi аб чым не пытаецца i верыць, што зробiць мяне шчаслiвай... Мужа я буду мець працавiтага, кватэру на Парк-авеню, аўтамабiль самы раскошны, яго мацi (яна родам з Вiргiнii) падбярэ нам цудоўных чорных слуг. Скажыце, якога ж яшчэ раю шукаць жанчыне?



7 из 14