- Не здзекуйцеся, - прамовiў ён. - Здзек - заўсёды адзнака лiхiх думак. Калi насмiхаюцца з тых, каго трэба любiць, гэта забiвае ўсякую прыхiльнасць... I вось яшчэ... I гэта асаблiва важна. Адзiны шанс на ратунак - у далiкатных i лiтасцiвых адносiнах да людзей. Амаль усе яны такiя няшчасныя...

- Я не думаю, што Джэк няшчасны. Ён амерыканец i добра прыстасаваны да свайго грамадства, якое, не крывячы душой, лiчыць найлепшым у свеце. У чым жа ён тады пачне сумнявацца?

- У вашай любвi, i даволi скора. Вы яго навучыце пакутаваць.

Не ведаю, цi адчулi вы з маiх слоў, што ў гэтую ноч мой узбунтаваны розум быў схiльны з усiм згаджацца. Незвычайна было тое, што я была адна, а першай гадзiне ранiцы, у пакоi незнаёмага ангельца, з якiм выпадкова сустрэлася на аэрадроме. Яшчэ больш незвычайна, што я расказала яму падрабязна пра сябе i падзялiлася сваiмi планамi на будучыню. Нарэшце, самае дзiўнае, што ён даваў мне парады i я слухала яго з пашанай.

I ўсё ж гэта было iменна так. Чалавечая годнасць Пiтэра i яго дабрата рабiлi ўсё простым i натуральным. Нiякiх замашак прапаведнiка, прарока-прафесiянала. Нiчога напускнога. Ён ад душы смяяўся, калi я гаварыла што-небудзь смешнае. Але ў iм угадваўся сур'ёзны падыход да ўсяго, з'ява даволi рэдкая ў грамадстве. Так. Iменна сур'ёзны падыход... Вы разумееце? Людзi ў большасцi не выказваюць таго, што думаюць. За iхнiмi словамi звычайна тоiцца задняя думка, i тое, што ў iх на языку, толькi маска, каб схаваць сапраўднае. Альбо, што яшчэ часцей, балбочуць абы-што, не думаючы.

Пiтэр паводзiў сябе, як некаторыя героi Талстога: не збочваючы, даходзiў да самай сутнасцi рэчаў. Гэта настолькi мяне ўразiла, што я запытала:

- У вас ёсць расейская кроў, не iначай?



8 из 14