У цёмным гарнiтуры мне было дужа горача. Дзядок надзеў капялюш, але потым, вiдаць, перадумаў i зняў. Я трошкi павярнуўся, каб лепей яго разгледзець. А дырэктар зноў пачаў распавядаць. Ён сказаў, што мама i Перэс часта гулялi тут увечары i часам даходзiлi аж да самай вёскi. З iмi хадзiла сядзелка. Я азiрнуўся вакол. За шэрагамi гонкiх, высокiх кiпарысаў, якiя ўзбягалi па ўзгорках пад самае неба, вiднелася рудая, а дзе ўжо з зялёнымi парасткамi зямля, сям-там стаялi рэдкiя, акуратныя хаткi. Я разумеў маму. Увечары гэты краявiд, напэўна, выклiкае цiхiя, сумныя думкi. А цяпер, калi паветра дрыжыць пад спякотнымi промнямi сонца, ён выглядае занадта жорстка i нават прыгнятае.

Мы рушылi. Толькi цяпер я заўважыў, што Перэс трошкi накульгвае. Катафалк патроху паехаў шпарчэй, i стары пачаў адставаць. Адзiн з мужчын, што iшлi абапал катафалка, адстаў таксама. Цяпер ён iшоў побач са мной. Мяне здзiвiла, што сонца падымаецца так хутка. I раптам я пачуў, як у палях сакочуць i гудуць насякомыя, шапацiць трава. Па шчоках у мяне цёк пот. Капелюша не было, i абмахвацца прыйшлося насоўкаю. Адзiн мужчына з пахавальнага бюро нешта сказаў мне, але я не пачуў. Трымаючы ў левай руцэ насоўку, ён выцiраў голы чэрап, а правай крыху ўздымаў картуз. Я папытаўся:

- Што вы кажаце?

Ён паўтарыў, паказваючы на неба:

- Пячэ.

- Але, - сказаў я.

Трошкi пазней ён запытаўся:

- Хто ў вас памёр? Мацi?

- Мацi, - зноў сказаў я.

- Старая была?

Я адказаў:

- Не вельмi. - Я добра не ведаў, колькi маме год.

Тады ён змоўк. Я павярнуўся i ўбачыў, што стары Перэс iдзе далёка ззаду, метраў за пяцьдзесят ад нас. Ён вельмi хацеў нас дагнаць i таропка чыкiльгаў, шырока махаючы капелюшом. Я паглядзеў на дырэктара. Ён iшоў вельмi паважна, не робячы нiводнага лiшняга руху. На лобе ў яго блiшчалi кроплi поту, але ён iх не выцiраў.

Мне здалося, што працэсiя пачала рухацца яшчэ хутчэй.



10 из 85