Цяперашняя справа была заблытаная. Чым больш пан Томаш учытваўся ў дакументы, тым больш яго ў гэтую справу цягнула. У пенсiянеры прачнуўся адвакат. Ён не выходзiў ужо з кватэры, не правяраў, цi сцерлi пыл у салонах, а, зачынiўшыся ў сваiм кабiнеце, чытаў дакументы i рабiў нататкi.

Увечары стары мецэнатаў лёкай прыйшоў са штодзённым рапартам. Далажыў, што панi дактарыха з дзецьмi паехала на ўсё лета на дачу, што сапсаваўся водаправод, што дворнiк Казiмеж паскандалiў з гарадавым i пайшоў на тыдзень у кутузку. У канцы спытаўся: цi не захоча пан мецэнат убачыць толькi што нанятага дворнiка?..

Аднак мецэнат, схiлены над паперамi, курыў сiгару, пускаў кольцы дыму, а на вернага слугу нават не паглядзеў.

На другi дзень пан Томаш яшчэ ўсё сядзеў над паперамi; пасля першай гадзiны паабедаў i зноў сядзеў. Яго румяны твар i сiваватыя бакi на сiнiм фоне шпалераў нагадвалi "эцюд з натуры". Мацi сляпое дзяўчынкi i яе сяброўка, што вязала панчохi на машыне, дзiвiлiся з пана Томаша i гаварылi, што ён падобны на здаровага ўдаўца, якi прывык ад рання да вечара драмаць над сваiм пiсьмовым сталом.

Тым часам мецэнат, хоць i заплюшчваў вочы, зусiм не драмаў, а думаў пра справу.

Памешчык X. у 1872 годзе адпiсаў свайму пляменнiку па сястры фальварак, а ў 1875 годзе пляменнiку па брату - камянiцу. Пляменнiк па брату сцвярджае, што памешчык X. быў вар'ятам у 1872 годзе, а пляменнiк па сястры даводзiць, што X. звар'яцеў толькi ў 1874 годзе. А муж роднай сястры нябожчыка прыводзiць несумненныя доказы, што X. i ў 1872-м, i ў 1875-м дзейнiчаў па-вар'яцку, а ўсю сваю маёмасць яшчэ ў 1869 годзе, значыцца, яшчэ пры роўным розуме, адпiсаў сястры.

Пана Томаша папрасiлi ўстанавiць, калi X. сапраўды быў вар'ятам, а тады памiрыць тры пасвараныя бакi, кожны з якiх не хацеў i слухаць пра ўступкi.



10 из 13