Калi мецэнат такiм чынам марочыўся ў пераблытаных камбiнацыях, здарыўся дзiўны, незразумелы выпадак.

На двары, пад самым акном пана Томаша азвалася - шарманка!..

Калi б нябожчык X. устаў з магiлы, апрытомнеў i ўвайшоў у кабiнет дапамагчы адвакату разблытаць судовую справу, пан Томаш, напэўна, не адчуў бы таго, што ён адчуў цяпер!..

I хоць бы ўжо гэта была iтальянская шарманка, з прыемным гучаннем флейты, добра настроеная, каб iграла яна штосьцi прыгожае! Дзе там! - як на здзек, шарманка была сапсаваная, фальшыва iграла пошлыя вальсы i полькi, ды так гучна, што шыбы дрыжалi. У давяршэнне ўсiх бед труба, што час ад часу адгукалася ў ёй, рычэла раз'ятраным зверам.

Уражанне было магутнае. Мецэнат аслупянеў. Не ведаў, што думаць, што тут рабiць. Гатоў быў нават дапусцiць, што ад чытання завяшчальных распараджэнняў псiхiчна хворага памешчыка X. i ў самога яго ўсё пераблыталася ў галаве i вось пачалiся галюцынацыi.

Але ж не, гэта былi не галюцынацыi. Гэта была сапраўдная шарманка, з папсаванымi дудачкамi i вельмi гучнай трубой!

У сэрцы мецэната, мяккага, спагадлiвага чалавека, прачнулiся дзiкiя iнстынкты. Адчуў ён крыўду да прыроды, што не стварыла яго дагамейскiм каралём, якi мае права забiваць сваiх падданых, i падумаў, з якой прыемнасцю ён глушануў бы гэтага шарманшчыка!

А таму што ў людзей такое натуры, як у пана Томаша, разгневанасць вельмi лёгка пераходзiць ад дзёрзкiх парываў да жахлiвых паступкаў, мецэнат, як тыгр, сiгануў да акна i вырашыў аблаяць шарманшчыка апошнiмi словамi.

Ужо ён выхiлiўся з акна i раскрыў рот, каб гукнуць: "Ах ты лайдак!.." - ды тут пачуў дзiцячы голас.

Зiрнуў насупраць.

Сляпая дзяўчынка танцавала па пакоi, плешчучы ладкамi. Бледны твар яе пакрыўся румянцам, вусны смяялiся, але, нягледзячы на гэта, з застылых вачэй градам кацiлiся слёзы.

У гэтым цiхiм доме ў яе, няшчаснай, даўно ўжо не было такiх уражанняў! Якою цудоўнай з'явай здавалiся ёй фальшывыя тоны шарманкi! Якi велiкапышны быў рык трубы, ад якога мецэната ледзь не звалiў апаплексiчны ўдар.



11 из 13