
У сутарэннi паветра было халоднае, сцены вiльготныя.
Прыглушаны грукат даходзiў зверху; iншае водгулле знiкала. Для сляпое гэта была ноч.
А на гарышчы, асаблiва ў акенцы, адбывалася зусiм iншае. Шуму там было больш, чым у пакоi. Сляпая чула грукат вазоў з некалькiх вулiц; тут гуртавалiся крыкi з усяго дома. Твар яе авяваў цёплы вецер. Яна чула птушыны шчэбет, гаўканне сабак i пошум дрэў у суседнiм садзе. Тут для яе быў дзень...
Мала гэтага. На гарышчы часцей, чым у пакоi, свяцiла сонца, а калi дзяўчынка паварочвала да яго пагаслыя вочы, ёй здавалася, што яна штосьцi бачыць. Ва ўяўленнi прачыналiся ценi формаў i колераў, вельмi невыразныя ды палахлiвыя, i яна не магла што-небудзь прыгадаць...
Якраз у гэтыя днi мацi яе пачала жыць разам са сваёй сяброўкай, заняла пакойчык у доме, дзе жыў пан Томаш. Абедзве жанчыны былi задаволены новай кватэрай, аднак для сляпой змена месца была сапраўдным няшчасцем.
Малая павiнна была сядзець у пакоi. На гарышча i ў сутарэнне не можна было хадзiць. Не чула яна нi птушак, нi дрэў, на дварэ была страшэнная цiшыня. Нiколi не заходзiлi сюды нi гандляры старызнай, нi паяльшчыкi, нi смеццяры. Не пускалi сюды нi баб, што спяваюць набожныя песнi, нi жабрака, якi грае на кларнеце, нi шарманшчыкаў.
Адной прыемнасцю для яе было ўглядацца на сонца, якое не заўсёды свяцiла аднолькава i вельмi хутка хавалася за дамамi.
Дзяўчынка зноў пачала сумаваць. Зблажэла за некалькi дзён, на твары з'явiўся выраз абыякавасцi i амярцвення, якi так здзiвiў пана Томаша.
Не могучы бачыць, калека хацела, прынамсi, чуць розныя водгаласы. А дома было цiха...
- Беднае дзiця! - неаднойчы шаптаў пан Томаш, прыглядаючыся да малое.
"Калi б я мог што-небудзь зрабiць для яе!.." - думаў ён, бачачы, як дзiця з кожным днём блажэе ды марнее.
У гэты час надарылася такое, што адзiн з сяброў мецэната судзiўся i, як заўсёды, даў пану Томашу дакументы свае судовай справы, каб той паглядзеў iх i дапамог, параiў. Праўда, пан Томаш ужо не выступаў у судах, але як вопытны юрыст умеў паказаць найбольш адпаведны шлях усёй справы i выбранаму iм адвакату дапамагаў парадамi.
