
Мала таго - шарманшчык, убачыўшы радасць дзiцяцi, пачаў прытупваць вялiкiм абцасам па бруку i час ад часу свiстаць, як паравоз сустрэчнаму цягнiку.
Божа, як ён цудоўна свiстаў!..
У кабiнет мецэната ўляцеў верны лёкай, цягнучы за сабой дворнiка i крычучы:
- Я ж гаварыў, вяльможны пане, гэтаму нягоднiку, каб ён выгнаў шарманшчыка! Казаў, што ён будзе мець ад вяльможнага пана даплату, што ў нас такая дамоўленасць... Ды гэта ж хам! Тыдзень таму назад прыехаў з вёскi i не ведае нашых звычаяў. Ну, а цяпер ты паслухай, - крычаў лёкай, тузаючы ашаломленага дворнiка за плячо, - паслухай, што табе скажа сам вяльможны пан мецэнат!..
Шарманшчык iграў ужо штосьцi трэцяе, таксама фальшыва i гучна, як два папярэднiя танцы.
Сляпая дзяўчынка была ў захапленнi.
Мецэнат павярнуўся да дворнiка i па-свойму спакойна, хоць i збялелы, спытаўся:
- Паслухай, мой дарагi... А як жа цябе завуць?
- Павел, вяльможны пане.
- Дык вось, Павел, я буду плацiць табе дзесяць злотых у месяц, але ведаеш, мой дарагi, за што?..
- Каб ты нiколi не пушчаў у двор шарманшчыкаў! - паспяшаўся сказаць лёкай.
- Не, - запярэчыў пан Томаш. - За тое, каб ты час ад часу пушчаў шарманшчыкаў. Зразумеў?
- Што вы, пане, гаворыце?.. - гукнуў лёкай, пасмялелы ад незразумелага загаду.
- Ды тое, што ён, пакуль будзе служыць у мяне, павiнен штодня пушчаць у двор шарманшчыкаў, - паўтарыў мецэнат, засунуўшы рукi ў кiшэнi.
- Не разумею пана! - сказаў лёкай, з прыкметнай кплiвасцю здзiвiўшыся.
- Бо ты дурны, мой дарагi! - дабрадушна сказаў яму пан Томаш. - Ну, а цяпер iдзiце працуйце, - дадаў ён.
Лёкай i дворнiк выйшлi, i мецэнат заўважыў, што яго верны слуга шэпча штосьцi дворнiку на вуха, паказваючы пальцам на лоб...
