
Але доўга разглядваць адзiн аднаго iм не давялося. Зямлю пад нагамi зноў затаўклi выбухi, - напэўна, то смалянула "кацюша" або шасцiствольны нямецкi мiнамёт. Зварухнуўшыся, абодва яны схiлiлi галовы i ўслухалiся. Немец застыў з нацягненым ля нагi бiнтом i чакаў, утаропiўшы позiрк у пакарэжаную столь склепа. Але выбухi паволi зацiхлi, асыпалiся апошнiя пасмы пяску са шчылiн, i зноў стала цiха i глуха. Адзiн толькi праменьчык косаю дымчатаю паскай скупа цадзiўся ў паўзмрок падзямелля.
Валока заварушыўся: трэба ж было нешта рабiць, як вылазiць. I прыпёрла ж яшчэ гэтага немца! Але ён быў пабiты i, здаецца, дбаў толькi пра свой боль. Мабыць, таму галоўны Валокаў клопат, як вылезцi, на нейкi час прыцiшыў у iм страх перад немцам. "Хай спрабуе", - падумаў баец, маючы на ўвазе нечаканы напад. Ён трымаў у руках аўтамат, адчуваў у сабе сiлу i спадзяваўся на яе. Да таго ж Валока бачыў побач не якога там загадкава драпежнага фашыста, а пажылога ўжо, пабiтага i ўезджанага вайной чалавека. Хоць немец i маўчаў, аднак няцяжка было меркаваць, што ён адчуваў цяпер, i толькi яго салдацкая форма не давала Валоку забыцца, што гэта вораг. Засцярожлiва пазiраючы спадылба, баец уздзеў на плячо аўтамат i, спатыкаючыся, палез па друзу пад паўразбураную, паламаную столь.
Трэба было шукаць нейкае выйсце.
3
Шчылiны на зломах у бетоне былi дзе-нiдзе шырокiя, у iх можна прасунуць пальцы, але ўхапiцца не было як. Задраўшы ў падстолле твар, Валока як-колечы спрабаваў расхiстаць абломак, ля якога цадзiўся промень, штурхнуў яго ўгору i пацягнуў на сябе. З шчылiны пасыпаўся пясок i жарства, баец адхiнуў убок твар i яшчэ больш напяўся, каб як-небудзь разварушыць плiту.
Увесь час ён не забываўся пра немца ўнiзе i, ледзьве скасiўшы вочы, адчуваў i бачыў кожны яго рух на прыступках. Немец спачатку цiкаўна глядзеў на марныя байцовы спробы, затым не дужа ўпэўнена ўстаў. Валока адразу кiнуў плiту i ўзяўся за аўтамат. Але вораг у другi раз амаль добразычлiва ўсмiхнуўся i трахнуў на рамянi кабуру.
