
Ён вяла саступiў з прыступак i сеў, абхапiўшы рукамi нагу. Валока з прытоенай цiкавасцю агледзеў яго пакамечаную, абсыпаную пылам постаць з яфрэйтарскiм шаўронам на разадраным да локця рукаве i ўпершыню ўбачыў на яго баку кабуру. Гэта зацiкавiла i насцярожыла, з'явiўся новы клопат: што рабiць, калi вораг ажыў ды яшчэ ў дадатак да ўсяго i ўзброены?
Немец тым часам, вiдаць, паволi спакайнеў, правай нагой спiхнуў з левай бот, закасаў штанiну i насоўкай пачаў перавязваць калена. Калена было скрываўлена, кроў паўзла i паўзла з нейкае невялiчкай, але вельмi крывацёчнае раны, i хутка насоўка стала ўшчэнт мокрая. Па ўсiм выглядзе немца нельга было заўважыць, каб ён збiраўся ратавацца ад байца або нападаць, i гэта супакойвала. Неяк мiжвольна пранiкшыся спачуваннем да яго болю, Валока адставiў убок нагу i намацаў у кiшэнi пацёрты, даўно ўжо ношаны там перавязачны пакет. Баец мог i не даваць яго: не так ужо i шкада яму было гэтага падбiтага гiтлераўца. Аднак нейкае чалавечае велiкадушша штурхнула дапамагчы, бо была ў тым патрэба.
Немец не чакаў, пэўна, гэтага, i пачак упаў у друз ля яго ботаў. Спярша салдат сумеўся, але затым зразумеў - погляд яго адразу праяснiўся. Ён нават буркнуў "данке" i, праз боль усмiхнуўшыся, дастаў пакет. Твар у яго быў ужо немалады, загарэлы лоб перарэзалi маршчыны,i над скронямi блiшчалi залысiны. На абсiвераных няголеных шчоках шархацела русявае шчацiнне.
Валока ўсё глядзеў на ворага, не ведаючы, што рабiць далей, i толькi iнстынктыўна адчуваючы, што трэба асцерагацца. Немец вышэй закасаў штанiну i пачаў ашчадна абкручваць бiнтом калена. У гэтым занятку ён мерна гойдаўся, раз-пораз падстаўляючы святлу са шчылiны зашчацiненую шчаку з шырокiм косым рубцом каля вуха, - мусiць, колiшнiм следам асколка. Валока ўбачыў тое i сам сабе ўсмiхнуўся: гэткi ж самы рубец насiў i ён на левым баку - то была памятка баёў пад Курскам. Немец вiдавочна ачуньваў i насцярожаным позiркам шэрых вачэй зрэдку пазiраў на байца.
