- Найн, найн, - заспакоена прагаварыў ён, махнуўшы прытым рукой. Здаецца, кабура ў яго сапраўды была пустая. Валока з недаверам, аднак, апусцiў аўтамат i вылаяўся ў душы. У яго зноў заварушылася непадуладная яму насцярожанасць да гэтага чалавека-ворага. А немец тым часам, узмахваючы рукамi i кульгаючы, узлез на кучу, задраў голаў, агледзеў шчылiны i ў адным месцы прасунуў у злом пальцы.

Дзве пары рук уперлiся ў адзiн кавалак бетону.

Дзiўна гэта было Валоку! Каб хто расказаў - не паверыў бы, але цяпер неяк усё выходзiла само сабой, i баец, здаецца, нi ў чым не мог папракнуць сябе. Толькi якую гадзiну назад, не бачачы i нiколi не ведаючы адзiн аднаго, яны душылiся, бiлiся ў гэтым склепе, поўныя злосцi i лютае прагi знiшчэння, а зараз, нiбы нiчога мiж iмi i не здарылася, суладна рвалi са столi кавалак бетону, каб выкараскацца з агульнай бяды.

Плiта краталася - трошкi ўгору, трошкi ўнiз, жарства са шчылiн усе сыпалася, i Валоку здавалася, што можна расхiстаць i выдраць яе. Час ад часу крадком ён пазiраў на немца, якi, выцягшы з шырокiх рукавоў валасатыя, загарэлыя рукi, стараўся трапляць у лад з яго намаганнямi. Загарэлы шчацiнiсты твар немца з добра развiтай нiжняй скiвiцай крывiўся ад пяску i натугi, а таксама, напэўна, ад слабасцi; на пераноссi густа высыпалi дробныя кропелькi поту. Зрэдку ён выцiраў iх рукавом, размазваючы па замурзаных шчоках. Бiнт на галаве, зашмальцаваны ад поту каўнер i плячо з адарваным пагонам неўзабаве густа абсыпаў пыл. Валока чуў блiзкае няроўнае немцава дыханне, тупанне яго ботаў побач са сваiмi, i ад гэтае блiзкасцi цi ад суладнасцi агульных намаганняў тое варожае, што ўвесь час жыло ў iм да гэтага немца, начало меншаць, раставаць i прападаць. Невыразна яшчэ адчуваючы ў сабе тую змену, Валока бянтэжыўся i чагосьцi не мог зразумець у сабе.



11 из 32