
Так яны варушылi тую зломiну хвiлiн дзесяць, але яна ўсё ж не паддавалася. Немец зморана дыхаў, ды i Валока прымлеў i нарэшце апусцiў рукi. Запылены тонкi праменьчык струнка ўпёрся ў запарушаны пяском немцаў бот.
- Халера, - сказаў баец, з прыкрасцю паглядзеўшы ў столь. - Сiлы мала.
- Я, я, - зараз жа цiха адгукнуўся немец. Ён таксама з клопатам агледзеў столь i зусiм нечакана, з марудлiвым няўмелым намаганнем, вымавiў: - Малё сiлы.
Валока варухнуў запарушанымi пяском бровамi, здзiўлена паглядзеў на немца - разумее, чмур!
- Што, фарштэй па-руску?
- Малё, малё, - сказаў немец i ўсмiхнуўся. - Вiтэбск руска фрау... гражданка малё-малё ўчыль.
- Глядзi ты! Ось дык фокус!
Баец злез з цаглянае кучы, стомлена апусцiўся на канец пагнутай бэлькi i палез у кiшэню - як заўжды ў цяжкiм клопатным стане захацелася закурыць, "праяснiць мазгi". Аўтамат ён прыткнуў мiж калень. Немец, нiбы чакаючы гэтай перадышкi, таксама з гатоўнасцю сеў, дзе стаяў, - пад самым промнем на цэгле. Параненую нагу беражна выцягнуў перад сабой.
- Фокус, фокус... Не знай, што то ест, - казаў ён, крывячы твар ад болю.
- Ге! - упершыню ўсмiхнуўся i Валока. - Гэта, брат, не адразу i зразумееш...
Заскарузлымi пальцамi баец развязаў вышыты пеўнямi кiсет, дастаў складзены кавалак газеты, насыпаў i разраўняў махорку. Пасля крутнуў разы два матузком-завязкаю, але спынiўся, спадылба зiрнуў на немца, трохi разважыў i махнуў кiсетам.
- Лавi!
Немец зноў, вiдаць, не зразумеў сэнсу слова, трошкi спазнiўся лапнуць далонямi, але ўсё ж ля самых ботаў кiсет злавiў.
- О, рус махорка! - сказаў ён i па чарзе адной i другой наздрою панюхаў кiсет. Пасля няўмела разматаў тугую завязку i неяк вельмi няспрытна згарнуў цыгарку.
Так яны закурылi, прыпалiўшы кожны паасобку - Валока ад запалкi, якая знайшлася ў яго патрушчаным карабку, немец - ад запальнiцы, адмыслова змайстраванай накшталт маленькага блiшчастага пiсталецiка. Насалодзiўшы грудзi першай зацяжкай, Валока неяк уважлiва, упершыню з добразычлiвай зацiкаўленасцю, агледзеў немца.
