
Спачатку гаворка не так-то клеiлася. Пiсар дымiў папяросай i, трымаючы яе ў зубах, гаварыў з фельчарам, як з самым вучоным тут. Дзяк расказваў старшынi i сядзельцу, як ён у маладосцi быў у архiрэйскiм хоры i дзёр баса.
Тады толькi госцi ажывiлiся, як гаспадар i гаспадыня пасадзiлi iх за стол, загружаны закускамi i выпiўкай. А як чарка зрабiла колькi кругоў, то гаворка так палiлася, што некаму было i слухаць. Сядзелец пачаў расказваць, як ён у хвоi знайшоў гняздо кунiц i голай рукой выцягнуў з дупла цэлых шэсць штук. А што гэта была праўда, то ён паднёс да самага носа старшынi руку, на якой яшчэ i цяпер быў знак, як укусiла яго кунiца.
Цяпер толькi госцi заўважылi Петруся i зiрнулi на яго вокам ласкi.
- Дзякуй богу! перайшоў у чацвёртую клясу, - гаварыў бацька. - Не мне будзе раўня. Даўней не так спрытна вучылi, як цяпер, хоць пападалiся i добрыя дарэктары. Я вот памятую, як сам хадзiў вучыцца. Бывала, калi залепiць табе гэты самы дарэктар па патылiцы, скарэй плюшч вочы, каб не павыскаквалi з лобу; а ўсё ж такi вучнi не так-то добра зналi, хоць па зiм пяць вучылiся. А цяпер, бачыш, i не б'юць, а вучацца.
- А ты думаеш, гэта лепш, што не б'юць? - спытаў дзяк. - Калi, бывала, давалi лупцоўку, то i людзi былi. А цяпер што? Глядзiш, чуць вiдзен ад зямлi, а ўжо нос задзiрае, нiякага паважання к старшым. А ў школах што вытвараюць? Забастоўкi робяць. Вот бы гэтакага забастоўшчыка разлажыць на столак, ды закасаць кашулю, ды ўсыпаць - i бунт бы ўвесь прайшоў. От узяць бы к прыкладу хоць мяне: бiлi i ў людзi вывелi.
- Якi ты ў чорта людзi? - спытаў яго пiсар. - Ты - чвэрць чалавека.
Усе зарагаталi.
- Ну, а ты - цэлы чалавек! А вот давай паспорым: "Жэзл во образ тайны прыемлецца, празябенiем бо прэдразсуждает свяшчэннiка..." Што гэта азначае?
- Жэзл - гэта палка, - пачаў тлумачыць пiсар i спынiўся.
