- Гэта i дурань ведае, што жэзл - палка, але далей што? - насядаў дзяк на пiсара.

Сядзеўшыя тут сяляне прыслухоўвалiся да споркi i пыталiся адзiн другога, якую гэта задачу загадаў дзяк, што i пiсар не разгадае.

Адзiн з мужыкоў, Пiлiп Гладыш, прыйшоў на падмогу пiсару:

- А гэта мо тая палка, што б'юць, як на папоў вывучваюць.

- Добра ты кажаш, - падхапiў пiсар. - Не шкодзiла б ёю высвенцiць i нашага дзяка.

- Нiчога вы не знаеце, - абвёў дзяк усiх поглядам чалавека, атрымаўшага верх: - жэзл - гэта той шост, на каторым...

Пры гэтым Пятрусь моцна зарагатаў.

Усе зiрнулi на Петруся.

- Што, не праўду мо кажу? - спытаў дзяк, зiрнуўшы ў яго бок.

- Вы змылiлiся, - сказаў нясмела Пятрусь. - Гэта той жэзл, каторы быў паложаны разам з другiмi ў каўчэг завета i прарос. Гэта быў жэзл Арона, i ўсе патомкi яго i лiчылiся выбранымi богам свяшчэннiкамi.

Тут дзяк схамянуўся.

- Ну, а я як кажу? I я хацеў сказаць тое самае.

- Эй, дзяк! - гукнуў пiсар. - Лепш бы ты вучыў мужыкоў, як гаварыць пацеры.

Пятрусь пасля гэтага здарэння адразу вырас у вачах гасцей, асаблiва ў сялян. А мацi, хоць i не ўсё сцямiла тут, але чула, што Пятрусь сказаў нешта разумнае, i твар яе разгарнуўся ў шырокую ўсмешку задавальнення.

Сядзелец, седзячы каля пiсара, шаргануў туды i сюды пальцам нос (гэта азначала, што ён нешта надумаў i зараз штось скажа).

- А вот, Пятрусь, скажы: колькi гэта будзе каштаваць дваццаць кварт, дваццаць паўкварт i дваццаць кручкоў гарэлкi разам з пасудай.

Спытаўшы аб цане бутэлькi кожнага сорту, Пятрусь, чуць падумаўшы, зразу адказаў, колькi ўсё гэта каштуе.

Сядзелец не чакаў, што Пятрусь так скора вылiчыць, i ад здзiўлення аж стукнуў рукою па стале.

- Маладзец!

- Ну, а цi зробiш такую раскладку: 1300 руб. 80 кап. разлажыць на 640 гаспадароў.

Пятрусь, узяўшы аловак, як бачыш вырахаваў.



5 из 7