Я спрабаваў лiчыць, але скора зьбiўся. У некаторых дзiркi ў патылiцах пазнаць можна. Гэта-ж так, нячыстая сiла, стралялi. А яшчо ў каторых дык петлi на шыях, а твары так зьнявечаныя, што нi пазнаеш. Бабы навокал галосяць, Божа ты мой! I ўжо надта-ж народ злуець, праклёны толька з вуснаў чуваць. От каб яму тыя каты бальшавiкi ў рукi папалiся, дык мусiць на кускi парвалi-б, скуру пасмамi дзерлi-б. Гэта-ж нi жарцiкi табе. Падумаць, што нарабiлi бальшавiкi!

Захарук закрыў твар рукамi й дрыжэў. У вачох сьвежай стаяла брацкая магiла нявiнных суродзiчаў.

- А ягодка-ж мая мiленькая, а Госпадзе мой! - войкнула Кмiтава Аўдоля. - Азьвярэлi саўсiм людзi. А што-ж гэта будзiць?

- Дык Немiц пушчаiць туды ўсiх, каторыя глядзець хочуць?

- Во, а чаму-ж не... Ён падахвочваiць яшчо, каб вiдзiлi людзi якiя людаеды гэтыя бальшавiкi. Немiц усю вiну за гэта на Жыдоў валiць.

- Але-ж ты кажаш, што й Жыды пабiтыя ёсьцека.

- Ага, ёсьцека, сам вiдзiў. Мужчыны, каторыя пазналi iх, паказвалi мне. Дык, гэта самае, тамака Немцы ваенныя для парадку стаяць, а народ усё чаргой iдзець глядзець туды. Адзiн салдат празь нейкую конаўку, каб усе чулi панашаму паясьняiць усё. Кажа хто нашых людзей катаваў i забiваў.

"Дзiравы шляхцiц" Паўлоўскi нiякавата азiраўся па бакох, мяркуючы дзе й як ды якое слова ўкiнуць. Пашанцавала яму. Цi прыйшло калi яму ў галаву, што мусiў-бы людзям за дабрату й стрыманасьць падзякаваць? А з другога боку загадка: чаму Косьцiк Сабакевiч i Лявон Шпунт яго ня выдалi? А можа выратавала тое, што адзiн зь першых у калгас запiсаўся?

Цяпер бянтэжыў яго новы парадак. Што ён прынясе? Каму за ўладу ў вёсцы брацца? I цi нi спатрэбiцца зноў той начальнiцкi капялюш i абшмуляная тэчка?

- Ну а пра Бурака з бабай ня чуў? - пытаўся Захарука Ўладзiмер Пятух.

- А дзе падзеўся Антось Дзяркач?

- Яно-ж пра iх самiх ня чуў, але слухi ходзяць, што нiкаторыя зь цюрмы бралi ды ў Расею гналi. Дык можа й яны туды папалi, гэта значыцца калi яны ў Бярэзьвiчах былi.



16 из 377