
Вядома, Бiм не адчуваў нiякае вiны, таму што прырода нiкому не дазваляе выбiраць сабе бацькоў. Бiму нават i думаць пра гэта не дадзена. Ён сабе жыў i пакуль што радаваўся.
Але гаспадар турбаваўся: выдадуць цi не на Бiма радаслоўнае пасведчанне, якое зацвердзiць яго паўнапраўнасць мiж паляўнiчых сабак, цi на ўсё жыццё ён застанецца чужаком. Вядома гэта будзе толькi ў шэсць месяцаў (зноў жа па законах кiналогii), калi шчанюк стане падобны да таго, што называецца пародзiстым сабакам.
Гаспадар Бiмавай мацi вырашыў быў выбракаваць белага з памёту, утапiць, але трапiўся дзiвак, якi пашкадаваў такога прыгажуна. Дзiвак той i быў Бiмаў гаспадар: цi бачыце, упадабалiся яму вочы, разумныя. Трэба ж! А зараз i думай: дадуць цi не дадуць радаслоўную?
Тым часам гаспадар спрабаваў разгадаць, адкуль такая анамалiя ў Бiма. Ён перабраў усе кнiгi пра паляванне i сабакагадоўлю, каб хоць крыху даведацца праўду i потым даказаць, што Бiм не вiнаваты. Менавiта таму ён пачаў выпiсваць у тоўсты сшытак з розных кнiг усё, што магло пасведчыць за Бiма як за раўнапраўнага прадстаўнiка пароды сетэраў. Бiм стаў ужо яго сябрам, а сяброў трэба ратаваць. А то не хадзiць Бiму пераможцам на выстаўках, не звiнець золатам медалёў на грудзях: якi ты нi будзь залаты сабака на паляваннi, з пародзiстых ён будзе выключаны.
Якая ўсё ж несправядлiвасць на белым свеце!
ЗАПIСКI ГАСПАДАРА
За апошнiя месяцы Бiм непрыкметна ўвайшоў у маё жыццё i трывала заняў у iм сваё месца. Чым жа ўзяў ён? Дабратою, шчырым даверам i ласкавасцю - пачуццямi, якiя заўсёды прываблiваюць, калi за iмi не стаiць падхалiмства, якое пасля ўсё пакрысе ператварае ў несапраўднае - i дабрату, i давер, i ласку. Жудасна гэта - падхалiмства. Не давядзi госпадзi! Але Бiм пакуль што толькi малышаня i мiлы сабачка. I ўсё ў яго будзе залежаць ад мяне, ад гаспадара.
Дзiўна, але я падчас заўважаю незвычайныя рэчы, калi бываюць са мною, чаго не было дагэтуль. Напрыклад, калi ўбачу карцiну, дзе намаляваны сабака, то перш-наперш гляджу на яго акрас i на пародзiстасць. Дае знаць пра сябе турбота: дадуць цi не дадуць пасведчанне?
