
Дзён колькi таму быў у музеi на мастацкай выстаўцы, i адразу ж кiнулася ў вочы карцiна Д.Бассано (XVI век) "Майсей здабывае ваду са скалы". Там на першым плане сабака - дакладны прататып лягавай пароды, з незвычайным, аднак, акрасам: тулава белае, пыса ж, раздзеленая белаю праточынаю, чорная, вушы чорныя, а нос белы, на левым плячы чорная пляма, заднi кастрэц таксама чорны. Змучаны i худы, ён таксама п'е доўгачаканую ваду з чалавечай мiскi.
Другi сабака, даўгашэрсты, таксама з чорнымi вушамi. Знясiлены ад смагi, ён паклаў гаспадару на каленi голаў i пакорлiва чакае вады.
Побач - трус, певень, злева - два ягняцi.
Што хацеў сказаць мастак, калi выставiў сабаку на пярэднi план? Бадай, ён хацеў сказаць, што людзi любiлi сабак яшчэ спрадвеку, нiколi iх не пакiдалi, нават у бядзе, нават на гранi пагiбелi народа, а сабакi заставалiся верныя i адданыя, гатовыя загiнуць разам з чалавекам.
А за хвiлiну да гэтага ва ўсiх быў адчай, нi ў кога не было нi кроплi надзеi. I яны гаварылi ў вочы Майсею, якi выратаваў iх ад рабства:
"О, каб памерлi мы ад рукi госпада ў зямлi эгiпецкай, калi мы сядзелi ля катлоў з мясам, калi нам хапала хлеба ўволю! Бо вывеў ты нас у гэту пустыню, каб усiх, хто сабраўся, замарыць голадам".
Майсей з вялiкаю горыччу зразумеў, як моцна авалодаў людзьмi дух рабства: уволю хлеба i катлы з мясам даражэй за волю. I вось ён здабыў ваду са скалы. I было на той час добра ўсiм, хто iшоў за iм, i гэта адчуваецца ў карцiне Бассано.
А магчыма, мастак i намаляваў сабак у цэнтры, як дакор людзям за iх маладушша на пару няшчасця, як сiмвал вернасцi, надзеi i адданасцi? Усё магчыма. Гэта было даўно.
Карцiне Д. Бассано больш за трыста год. Няўжо чорнае з белым у Бiма iдзе з тае пары? Гэтага не можа быць. Але як сказаць, прырода яна прырода.
