
Аднак наўрад цi гэта паможа чым-небудзь адвесцi ад Бiма абвiнавачванне ў анамалiях расфарбоўкi цела i вушэй. Таму што, чым старадаўней будуць прыклады, тым больш абвiнавацяць яго ў атавiзме i непаўнавартасцi.
Не, трэба шукаць нешта iншае. Калi нехта з кiнолагаў напомнiць мне пра карцiну Д. Бассано, то можна, у крайнiм выпадку, сказаць проста: а якiя адносiны да яго маюць чорныя вушы ў Бассано?
Пашукаем звестак, якiя блiжэй да Бiма ў часе.
Выпiска са стандарту паляўнiчых сабак: "Сетэры-гардоны выведзены ў Шатландыi... Парода аформiлася да пачатку другое палавiны XIX стагоддзя... Цяперашнiя шатландскiя сетэры, захаваўшы сваю моц i масiўнасць касцяка, набылi хутчэйшы ход. Сабакi спакойнага, мяккага характару, паслухмяныя i незласлiвыя, яны рана i лёгка бяруцца за работу, вельмi спраўныя на балоце i ў лесе... Характэрна добра прыкметная, спакойная, высокая стойка з галавою, не апушчанай нiжэй за загрывак..."
З двухтомнiка "Сабакi" Л.П.Сабанеева, аўтара цудоўных кнiг - "Паляўнiчы каляндар" i "Рыбы Расеi":
"Калi мы прымем да ведама, што ў аснове сетэра ляжыць самая старажытная раса паляўнiчых сабак, якая на працягу многiх стагоддзяў атрымоўвала, калi можна сказаць, дамашняе выхаванне, то не будзем дзiвiцца таму, што сетэры цi не самая культурная i iнтэлiгентная парода".
Так! Бiм, значыцца, сабака iнтэлiгентнай пароды. Гэта можа спатрэбiцца.
З тае самае кнiгi Л.П.Сабанеева:
"У 1847 годзе Пэрлендам з Ангельшчыны былi прывезены, у падарунак Вялiкаму Князю Мiхаiлу Паўлавiчу, два цудоўныя прыгожыя сетэры вельмi рэдкае пароды. Сабакi нават не прадавалiся i былi выменены за каня, якi каштаваў 2000 рублёў..."
Вось табе i на! Вёз падарунак, а садраў кошт дваццацi прыгонных. Але ж цi вiнаваты сабакi? I пры чым тут Бiм? Гэта не гадзiцца.
З лiста вядомага ў свой час прыродалюба i сабакавода С.В.Пенскага да Л.П.Сабанеева:
"У часе Крымскае кампанii бачыў я вельмi прыгожага сетэра ў Сухава-Кабылiна, аўтара "Вяселля Крэчынскага", i жоўта-пярэстых у Разанi ў мастака Пятра Сокалава".
