Ага, гэта блiжэй да сутнасцi. Цiкава: нават сатырык у тыя часы меў сетэра. А ў мастака - жоўта-пярэсты. Цi не адтуль твая кроў, Бiм? Вось бы! Але пры чым тады... чорнае вуха? Незразумела.

З таго ж лiста:

"Пароду чырвоных сетэраў трымаў таксама маскоўскi прыдворны доктар Берс. Адну чырвоную сучку ён злучыў з чорным сетэрам нябожчыка Iмператара Аляксандра Мiкалаевiча. Якiя нарадзiлiся шчанюкi i куды яны падзелiся - не ведаю; ведаю толькi, што аднаго з iх выгадаваў сабе ў вёсцы граф Леў Мiкалаевiч Талстой".

Стой! Цi не тут? Калi твая нага i вуха чорныя ад сабакi Льва Мiкалаевiча Талстога, ты шчаслiвы сабака, Бiм, нават без асабiстага лiсцiка пароды, самы шчаслiвы сабака на свеце. Вялiкi пiсьменнiк любiў сабак.

Яшчэ з таго самага лiста:

"Iмператарскага чорнага сабаку бачыў я ў Iльiнскiм пасля абеду, на якi Гасудар запрасiў членаў праўлення Маскоўскага таварыства паляўнiчых. Гэта быў вялiкi i вельмi прыгожы пакаёвы сабака, з цудоўнаю галавою, добра апрануты, але ад сетэрскага тыпу ў iм было мала; да таго ж ногi меў занадта доўгiя, а адна зiх зусiм белая. Гавораць, гэты сетэр быў падараваны Iмператару нейкiм польскiм панам, i хадзiлi чуткi, што сабака быў не зусiм чыстакроўны".

Выходзiць, польскi пан абдурыў iмператара? Магчыма. Магчыма гэта i на сабачым фронце. От жа мне гэты чорны iмператарскi сабака! Мiж iншым, тут побач iдзе кроў жоўтае сучкi Берса, якая мела "чуццё незвычайнае i цудоўную кемлiвасць". Значыць, калi нават нага твая, Бiм, ад чорнага сабакi iмператара, то ўвесь ты можаш быць далёкiм сваяком сабакi найвялiкшага пiсьменнiка... Але не, Бiмка, дудкi! Пра iмператарскага нi слова. Не было - i ўсё на гэтым. Яшчэ гэтага не хапала.

Што ж застаецца на выпадак магчымай спрэчкi ў абарону Бiма?

Майсей адпадае зразумела чаму. Сухаў-Кабылiн адпадае i з-за часу i па акрасу. Застаецца Леў Мiкалаевiч Талстой: а) час не такi далёкi; б) бацька яго сабакi быў чорны, а мацi чырвоная. Усё падыходзiць. Але бацька, чорны той, iмператарскi, во дзе загваздка.



7 из 171