З якога боку нi зiрнi, пра пошукi пародзiстасцi Бiма даводзiцца маўчаць. Адпаведна, кiнолагi будуць вызначаць толькi па радаслоўнай бацькi i мацi Бiма, як у iх заведзена: няма белага ў радаслоўнай - i амiн. А Талстой тут нi пры чым. I яны правы. Ды i сапраўды, так кожны можа паходжанне свайго сабакi давесцi да сабакi пiсьменнiка, а потым i самому не далёка да Л.М.Талстога! I праўда: колькi iх у нас, Талстых? Жах, так многа аб'явiлася, аж галава кругам iдзе.

Як бы нi было крыўдна, але розум мой гатовы ўжо змiрыцца з тым, што Бiму быць чужаком сярод пародзiстых сабак. Дрэнна. Застаецца толькi адно: Бiм сабака iнтэлiгентнай пароды. Але i гэта - не доказ (на тое i стандарты).

- Дрэнна, Бiм, дрэнна, - уздыхнуў гаспадар, адклаў асадку i ўсунуў у шуфляду агульны сшытак.

Бiм, пачуўшы сваю клiчку, устаў з лежака, сеў, нахiлiў галаву ў бок чорнага вуха, быццам чуў толькi жоўта-чырвоным.

I гэта было сiмпатычна. Увесь яго выгляд гаварыў: "Ты добры, мой сябар. Я слухаю. Што ж ты хочаш?"

Гаспадар адразу стаў весялейшы ад такога Бiмавага пытання, сказаў:

- Маладзец ты, Бiм! Будзем жыць разам, хоць ты i без радаслоўнае. Ты харошы сабака. Харошых сабак усе любяць. - Ён узяў Бiма на каленi i пагладзiў па шэрсцi, прыказваючы: - Добра. Усё роўна добра, хлопчык.

Бiму было цёпла i ўтульна. I ён цяпер, тут, на ўсё жыццё зразумеў: "Добра" - гэта ласка, удзячнасць i сяброўства.

I Бiм заснуў. Што яму было да таго, хто ён, яго гаспадар? Галоўнае, ён добры i блiзкi.

- Ах ты, чорнае вуха, iмператарская нага, - цiха сказаў той i перанёс Бiма на ляжак.

Ён доўга стаяў перад акном, углядаўся ў цёмна-бэзавую ноч. Потым зiрнуў на партрэт жанчыны i сказаў:

- Бачыш, мне стала крышку лягчэй. Я ўжо не адзiн. - Ён не прыкмячаў, што ад адзiноты незаўважна прывык гаварыць услых да "яе" цi да самога сябе, а цяпер - да Бiма. - Вось я i не адзiн, - паўтарыў ён да партрэта.



8 из 171