А Бiм спаў.

Так яны i жылi ўдвух у адным пакоi. Бiм рос мацаком. Вельмi скора ён даведаўся, што гаспадара завуць Iван Iванавiч. Разумны шчанюк, хiтры. Пакрысе ён зразумеў, што нiчога нельга чапаць, можна толькi глядзець на рэчы i на людзей. I наогул, нiчога нельга, пакуль не дазволiць цi не загадае гаспадар. Так слова "нельга" стала галоўным законам у Бiмавым жыццi. А вочы Iвана Iванавiча, iнтанацыя, рухi, выразныя словы-загады i словы ласкi кiравалi яго сабачым жыццём. Больш таго, самастойныя рашэннi рабiць што-небудзь нiяк не павiнны былi супярэчыць жаданням гаспадара. Затое Бiм пакрысе пачаў здагадвацца пра некаторыя намеры сябра. Вось, напрыклад, стаiць ён ля акна i глядзiць, глядзiць удалячынь, думае. Тады Бiм сам сядае побач i таксама думае. Чалавек не ведае, пра што думае сабака, а ўвесь сабачы выгляд гаворыць: "Зараз мой добры сябар сядзе да стала, абавязкова сядзе. Паходзiць крыху з кута ў кут i сядзе, i будзе вадзiць па белым аркушы палачкаю, а тая ледзь-ледзь шаптаць. Гэта будзе доўга, таму пасяджу я з iм побач". Потым утулiцца носам у вялiкую i цёплую далоню. А гаспадар скажа:

- Ну што, Бiмка, будзем рабiць? - I сапраўды сядае.

А Бiм абараначкам скручваецца ля ног цi, калi будзе сказана "На месца", пойдзе на свой ляжак у куток i там будзе чакаць. Будзе чакаць позiрку, руху, слова. Дарэчы, праз колькi часу можна i самому сысцi з месца, узяцца за круглую костку, угрызцi якую немагчыма, а зубы вастрыць - калi ласка, толькi не перашкаджай.

Але Iван Iванавiч закрые твар рукамi, абапрэцца на стол, тады Бiм iдзе да яго i кладзе разнавухую пысачку на каленi. I стаiць. Ведае, што пагладзiць. Ведае, што сябру цяжка. А Iван Iванавiч падзякуе:

- Дзякуй, мiлы мой, дзякуй, Бiмка. - I зноў будзе шаптаць палачкаю па белай паперы.

Так было дома.

Але не так на лузе, дзе абодва забывалi пра ўсё.



9 из 171