
Тады пабялеў i прамёрз у саду скошаны аер, i весялiлiся ўжо вочы не iм, а сухiмi паленнямi сiняватай хвоi каля сцяны пад страхою. Нагадваў гэты сiняваты колер роўнасць шуму зялёных калюшак, а зыкi таго дня змагалiся з гэтым уяўленнем...
I ад гэтага трудна было ўстанавiцца ў парадах пачуццям, загэтым i дзень той быў, як нейкая мяжа мiж абсалютным спакоем душы i роспаччу, як рознiца мiж радаснай цiшынёю i беспрытульным холадам...
Iшоў сабе дзень паволi, у бязмернай далячынi ад таго, як ён уяўляецца ўсяму, што можа ўяўляць. От iшоў сабе, як хадзiў каля платоў Буланы. Было ў iм тады роўнае адчуванне жованага кагадзе сена, ветру, што коўзаўся па яго рэбрах...
Панюхаў Буланы сырыя дубцы, якiмi ўвiты быў плот, пацерабiў трохi губамi iх сухое лiсце, уцягнуў быў у рот некалькi нават гэтых лiстоў, паклычыў трохi дзяснамi ды выкiнуў назад. Пасля стаў пад грушай, ды так i стаяў, шавелячы адным вухам i апусцiўшы ўнiз галаву. Не было яму холадна i было нек усё абы-якiм. Не веяла, значыцца, палявою воляй, а мiнуўшчыны для адчуванняў не было, была моцная мяжа ў iх мiж тым, што ёсць, i тым, што было. На адзiн бок мяжы ўсё было запоўнена тым, што ёсць, па другi бок, там, дзе павiнна было быць тое, што было, - было пуста. Гэтая пустая заўсёды палавiна часам прапускала праз сябе для раптоўнага ўяўлення нешта вельмi тонкае i надзвычайна вострае, што заўсёды рабiла раптоўны ўздым таго, што застаўляла Буланага паднiмаць угору, наколькi хопiць старых сiл, галаву, падкiнуць задам ды страсянуць шыяю. Апошнi раз гэта было ўчора вечарам, як Раман Драгун палажыў у жолаб сена. У цеменi раптам запахла сенам, i ў першы момант улавiў быў Буланы ў гэтым паху нешта ад роснае травы ў летнi вечар. Тады нек самi раздзьмулiся ноздры, страсянулася шыя, а ў вачах, па цеменi хлява, прамчалася некая лагчына з куп'ямi, алешнiкам ды роснаю травою. Ды яшчэ, але ўжо ў меншай меры, ружовасць сонечнага захаду. А пасля ўжо сена пахла сенам, i Буланы спакойна жаваў, так як цяпер спакойна стаяў у садзе...
