
Стаяў усё ды стаяў.
Не быў гэта сум жывое iстоты, а роўны спакой: цягнецца паволi час, вецер дзьме, i калi я стаю, то, значыцца, я стаю. Гэта быў такi выгляд у Буланага, як бы гэта ён злёгку разважаў: "Усё такое, якiм яно ёсць".
I ў той самы час, тут жа вельмi блiзка, за дзеравянаю сцяною, у хаце, чалавек разгладзiў вусы, пацягнуўся ўсёю сваёю постаццю i з некай фаталiстычнай упэўненасцю сказаў нi то сам сабе, нi то каму iншаму:
- Мусiць, годзе ўжо з гэтым канём важдацца... Не будзь я Раман Драгун, калi я на iм што страчу.
На лаве каля сцяны сядзела дачка яго - худая i вастраносая жанчына. У яе заўсёды быў клапатлiвы настрой. Яна памаўчала трохi, а пасля роўным голасам сказала:
- Гэтага каня трэба папхнуць к чорту.
I тады ў хаце гаворка аб гэтым была ўжо скончана.
Раман Драгун ужо ўявiў, што рабiць i куды iсцi. Ён ужо весела закурыў i паглядзеў з хвiлiну праз акно, здалёк, як сплываў патроху белы дзень...
Кароткi быў ён, гэты дзень. Пакуль у хаце пагаварылi i падумалi, пачаў ён канчацца. I калi ён канаў, агарнуўшыся сiняватым змрокам, Буланы пiў каля калодзежа ваду так, як i заўсёды. Усё iшло сабе так, як i дагэтуль. I ўсё было так, як i заўсёды, - i сумна, i радасна.
V
Карась быў худы i шчуплы стары.
Кожную ранiцу падоўгу любiў ён мыцца. Доўга цер ён пры гэтым свае маленькiя гладкiя вушы i такi ж маленькi белы нос. Чухаў у круглых сiвых вусiках i рэдкай бародцы, а пасля адзяваўся ў нешта чорнае i доўгае, што раней зваў сурдутам, а цяпер нiяк не зваў, бо з цягам часу яно зусiм змянiла сваю форму.
Любiў ён вельмi маўчаць ды вечна цягнуць сабе пад нос некую вялую мелодыю, як бы гэта ён хацеў гэтым выявiць роўны, без бур i цiшы ход свайго жыцця. I ўсё, што рабiў, ён рабiў упэўнена, не думаючы аб другiх i не гледзячы на тых, хто глядзеў на яго. Як бы гэта не адчуваў ён нiкога на свеце, апрача сябе ды таго, што рабiў.
