
Год пяць таму папаўся на яго жыццёвай дарозе адзiн чалавек, якi толькi некалькi першых дзён як бы прабаваў увайсцi ў гэтае вяла бясконцае жыццё, а пасля як бы стаў пры гэтым жыццi, плывучы сам сабою, i толькi на кароткiя моманты спатыкаўся цесна i востра з iм. Гэта быў Мiкалай Бяляк. У жыццi гэтага чалавека самым важным, самым найвышэйшым здарэннем было тое, што служыў ён некалi ў салдатах, сам браў, а пасля здаваў некую карпацкую крэпасць. Гэтае важнае здарэнне ў яго жыццi навучыла выяўляць яго чалавечую моц, смелым стараннем свой вялы ад прыроды голас зрабiць зычным i заўсёды дзе трэба, дзе не трэба хвалiцца кожнаму, што нiхто так не знаецца каля коней, як ён. Быў ён сыты, але косцi меў шырокiя, i загэтым твар яго здаваўся худым, ступаў ён цвёрда, моцна стукаў нагамi i маленькую галаву на сухой шыi трымаў трохi на левы бок. Нешта было агульнае ў iм i ў Карасю. Яно не было ў тым, што абодва яны невысокага росту, нават гэта хутчэй магло адрознiць iх аднаго ад другога - белы твар Карася насiў у сабе ўсе адзнакi старасцi, а гэты быў яшчэ малады i моцны, твар меў гладкi i цвёрды, нейкага шэрага колеру. Была гэтая агульнасць i не ў тым, што Карась трохi гарбаты, а ў гэтага круглыя плечы трохi прыгнуты. Гэтая агульнасць была неяк у глыбiнi iх iстотаў, неяк часам вочы адналькова свяцiлi, як бы хацелi выявiць дзве падобныя плынi жыцця. Што плывуць двое людзей цi ў чым-небудзь варушацца, i тут для кожнага больш добрага, нават многа яго, чым кепскага: яно ёсць, то што тут больш гаварыць - i добра...
Можа гэтая агульнасць з'явiлася ў працэсе жыцця. Можа яе дало тое, што рабiлi яны ў жыццi. Хоць рабiлi яны адно i тое неаднолькава. Работа была адна, i можа гэта самае важнае.
Карась рабiў так: калi дасць ён нажом каню ў грудзi, то, значыцца, конь скора кончыцца, i гэта нiяк неяк не ўспрымалася: вецер шумiць сабе, за ўзгоркам дарога маўчыць, а там нехта праехаў, вечарам сонца заходзiць, а я каня кончыў - ну, то што тут такога?!
