Змрокам дзён ён з вялiкiм здавальненнем заносiў Буланаму сена i стаяў там падоўгу, прыпёршыся плячом да сцяны.

Буланы быў яшчэ зграбны i ў самай сiле. Жаваў ён сена ў цёмным хляве спакойна, без тых бур, якiмi кiпеў чалавек, а чалавек стаяў каля яго i ашукваў сябе: "Дык гэта ж усё так, як трэба, - Буланы жуе сена, стоячы на чорнай ад змроку саломе; тут жа прытульна i цёпла. I я стаю i гляджу ў цiхую адзiноту зiмовага вечара".

Так находзiла на чалавека супакаенне. Пасля думкi вызывалi тое, што ёсць, i ўяўлялася як бы немагчымасць чалавека цiшынёю пазбавiцца. Тады ўзнiмалася бура, трывогi i жаданнi будзiлi ў чалавеку бунт процi неабходнасцi цяжкiх перажыванняў, процi смутку. Бунт ачышчаў дарогу да нечаканых уздымаў радасцi... У чалавека напружвалiся i дзейнiчалi думкi. Пасля iзноў гэта ўсё ападала. Так i было, так iшла барацьба ў настроях. Так усё то кiпела, то роўна плыло. I было яно ўвесь час з рознаю сiлай, пакуль не сплыло...

А Буланы еў сабе паволi, спакойны затым, што сена было смачнае, здаволена цёрся губамi аб жолаб, i свет з бурамi i цiшынёю быў для яго тым, што можа можна папрабаваць выказаць словамi: павольнае здавальненне.

Для яго не было нi Рамана, што стаяў пры iм, нi ўсякiх там адценняў усяго.

Раман жа быў повен усiм. Твар яго быў тады больш жывым, як заўсёды, i адбiваў на сабе змены адчуванняў, i загэтым выразы яго былi нешта адналiкае з вакольным, i ўжо ў гэтым сама па сабе з'яўлялася процiлежнасць хаосу; было iмкненне.

I недасяжна было для Буланага тое, што Раман пасля паспакайнеў, як усё сплыло на хвалях часу: бо яно пачало забывацца, раставаць у бясконцасцi...

I вясною, калi араў Раман на Буланым поле i дзьмуў сухi вецер, зусiм не было ў яго жадання сцiснуцца ў адзiн жмут, зрабiцца малым, а было iмкненне, звязанае з нейкiм адвечным чалавечым бунтам - як бы вырасцi, каб быць прыметным усяму, так, як шырокi вецер i гулкiя зыкi.



6 из 21