Дык вось, неяк расказваў ён, што ў Iндыi вераць, што калi чалавек памiрае, дык душа ягоная перасяляецца ў якую-небудзь жывёлiну, у любое стварэнне, хай нават у мураўя. I лiчыцца, што кожны чалавек некалi, яшчэ да свайго нараджэння, пабываў да гэтага птушкай, або зверам якiм-небудзь, цi насякомым. Таму ў iх грэх забiць што-небудзь жывое, хай сабе змяя, кобра сустрэнецца яму, не зачэпiць яе, а адно паклонiцца i саступiць дарогу.

Якiх толькi дзiвосаў не бывае на свеце. Цi праўда тое, хто яго ведае. Свет вялiкi, а чалавеку не ўсё дадзена ведаць. Вось i падумалася, калi хацеў забiць каменем лiсу: а што, калi ў ёй цяпер душа Казангапа? Што, калi, перасялiўшыся ў лiсу, прыйшоў Казангап да свайго лепшага сябра? "Што са мной? - дакараў ён сябе. - I як можа такое вярзцiся? Цьфу ты! Здурнеў дарэшты!"

I ўсё-ткi, падступаючы асцярожна да лiсiцы, ён гаварыў ёй, быццам яна магла разумець ягоную мову:

- Ты iдзi, не месца табе тут, iдзi да сябе ў стэп. Чуеш? Iдзi, iдзi. Толькi не туды - там сабакi. Iдзi з богам, iдзi сабе ў стэп.

Лiсiца павярнулася i патрухала прэч. Раз-два азiрнуўшыся, яна прапала ў цеменi.

Пакуль Едыгей здаў змену, пакуль яны з Доўгiм Эдыльбаем пагаварылi пра Казангапа, паўздыхалi, на Баранлы-Буранны прыбыло яшчэ колькi цягнiкоў. I калi, вызвалiўшыся ад усiх гэтых спраў, Едыгей пайшоў дамоў, успомнiў дарогай, што забыў тады нагадаць жонцы, дакладней, параiцца, як жа быць, дочкам сваiм ды зяцям паведамiць пра смерць Казангапа цi не трэба? Дзве замужнiя дочкi Едыгея жылi зусiм у другiм баку - пад Кзыл-Ардой. Старэйшая ў рысаводчым саўгасе, муж яе трактарыст. Малодшая жыла спачатку на станцыi пад Казалiнскiм, потым пераехала з сям'ёй блiжэй да сястры, у той жа саўгас, муж яе рабiў шафёрам. I хаця Казангап не даводзiўся iм сваяком, на пахаваннi якога абавязкова трэба быць, Едыгей лiчыў, што Казангап быў iм даражэй, чым любы сваяк.



14 из 272