Дочкi нарадзiлiся пры iм у Баранлы-Буранным. Тут выраслi, вучылiся ў школе, у станцыйным iнтэрнаце ў Кумбеле, куды адвозiлi iх па чарзе то сам Едыгей, то Казангап. Успомнiў дзяўчынак. Успомнiў, як на канiкулы цi з канiкул вазiлi iх верхам на вярблюдзе. Малодшая спераду, бацька пасярэдзiне, старэйшая ззаду - i паехалi ўсе ўтраiх. Гадзiны тры, а зiмой дык i болей, жвавым трухам бег Каранар ад Баранлы-Бураннага да Кумбеля. А калi Едыгей не меў часу, адвозiў iх Казангап. Ён быў iм нiбы бацька. Едыгей рашыў, што ранiцай трэба даць iм тэлеграму, а там як здолеюць... Але няхай ведаюць, што няма ўжо старога Казангапа.

Потым ён iшоў i думаў пра тое, што ранiцай найперш трэба прыгнаць з выпасу свайго Каранара, бо патрэбны будзе. Памерцi не проста, а пахаваць чалавека як мае быць на гэтым свеце таксама не проста... Выяўляецца заўжды, што таго няма, гэтага няма, што ўсё трэба здабываць спешна, пачынаючы ад жалобных убораў i канчаючы дрывамi для памiнак.

Менавiта ў той момант у паветры нешта калыхнулася, нагадала, як было гэта на фронце, аддалены ўдар магутнай выбуховай хвалi, i зямля здрыганулася пад нагамi. I ён убачыў проста перад сабой, як далёка ў стэпе, у тым баку, дзе быў, як ён думаў, саразекскi касмадром, нешта ўзляцела ў неба, усё паўзучы ўгору вогненным смерчам. I знiякавеў - у космас уздымалася ракета. Такога ён яшчэ нiколi не бачыў. Ён ведаў, як усе саразекцы, пра iснаванне касмадрома Сары-Азек-I, было гэта адсюль у кiламетрах сарака цi меней, ведаў, што туды перакiнута асобная чыгуначная лiнiя ад станцыi Тагрэк-Там, i расказвалi нават, што ў тым баку стэпу ўзнiк вялiкi горад з вялiкiмi крамамi, многа разоў чуў па радыё, у размовах, чытаў у газетах пра касманаўтаў, пра касмiчныя палёты. Усё гэта адбывалася недзе паблiзу, ва ўсякiм выпадку на канцэрце самадзейнасцi ў абласным горадзе, дзе жыў Сабiтжан, а горад быў куды далей - нам паўтары сутак язды цягнiком, - дзятва хорам спявала песеньку пра тое, што яны самыя шчаслiвыя дзецi на свеце, таму што дзядзькi касманаўты лятуць у космас з iхняй зямлi, але таму, што ўсё наўкол аэрадрома лiчылася закрытай зонай, Едыгей, жывучы не так далёка ад тых мясцiн, здавальняўся тым, пра што дазнаваўся выпадкам.



15 из 272