
I вось упершыню бачыў увачавiдкi, як iмклiва ўзнiмалася, неспакойна палымнеючы, асвятляючы акругу трапяткiм святлом, касмiчная ракета ў цёмную, зорную высь. Едыгею стала не па сабе - няўжо ў тым пламеннi сядзiць чалавек? Адзiн цi два? I чаму, пастаянна жывучы тут, ён нiколi раней не бачыў, як ракета ўзлятала, бо колькi ўжо ляталi ў космас, з лiку саб'ешся. Можа, тыя разы караблi адляталi ўдзень? А гэты чаму рвануў ноччу? Спешка якая цi так прызначана? А можа, ён узнiмаецца ноччу, а там адразу трапляе ў дзень? Сабiтжан неяк расказваў, быццам сам там быў, што ў космасе кожныя паўгадзiны ноч змяняе дзень. Трэба параспытаць у Сабiтжана. Ён усё ведае. Надта ж яму хочацца рабiць выгляд, што ўсё ведае, што ён не абы-якi, а самавiты чалавек. У абласным горадзе, бач, робiць. Але не задаваўся б. Навошта? Хто ты ёсць, тым i будзь. "Я з тым быў, з гэтым быў, я яму тое цi гэта сказаў". А Доўгi Эдыльбай расказваў - зайшоў ён неяк да яго на службу. Толькi i бегае, кажа, наш Сабiтжан ад тэлефона да дзвярэй кабiнета ў прыёмнай, толькi паспявае: "Слухаюся, Альжапар Кахармонавiч! Так, Альжапар Кахармонавiч" - i гэтак далей. А той, кажа, сядзiць там у кабiнеце i ўсё кнопкi нацiскае. Так i не пагаварылi памiж сабой толкам. Вось такi ён, кажа, наш зямляк баранлiнскi. Ды бог з iм, такi ўжо ёсць. Шкада толькi Казангапа. Ён жа надта перажываў за сына. Да апошнiх дзён не казаў пра яго нiчога благога. Пераехаў быў у горад да яго жыць, сам жа прасiў, а што выйшла... Ну, гэта ўжо другое.
З такiмi думкамi бавiў Едыгей тую ноч, калi ўбачыў першы раз касмiчную ракету. Доўга сачыў ён за гэтым цудам. I калi вогненны карабель, якi ўсё меншаў, праглынула чорная бездань, ён пакруцiў галавой i пайшоў, несучы ў душы дзiўныя, супярэчлiвыя пачуццi. Захапляючыся ўбачаным, ён у той час разумеў, што яму гэта старонняя справа, хоць i выклiкала яна здзiўленне i нават страх. Успомнiлася разам з тым чамусьцi лiсiца, што прыбягала да чыгункi. Як чулася ёй, калi зашапацеў гэты смерч у небе? Не ведала, мусiць, куды сябе падзець...