
Але сам жа ён, Буранны Едыгей, сведка начнога ўзлёту ракеты ў космас, не падазраваў, ды i не мог ён ведаць пра тое, што то быў экстранны, аварыйны вылет касмiчнага карабля з касманаўтам - без усялякiх урачыстасцей, журналiстаў i рапартаў, у сувязi з надзвычайным здарэннем на касмiчнай станцыi "Парытэт", што знаходзiлася ўжо больш як паўтара года на арбiце паводле сумеснай амерыкана-савецкай праграмы, што звалася "Трамплiн". Адкуль Едыгею было ведаць пра ўсё гэта. Не падазраваў ён i пра тое, што гэтая падзея будзе тычыцца i яго, ягонага жыцця, i не проста з выпадку самай цеснай сувязi чалавека i чалавецтва ў iх агульным значэннi, а самым канкрэтным i непасрэдным чынам. Тым больш не ведаў ён i не мог думаць, што колькi часу пасля ўслед за караблём, што стартаваў з Сары-Азека, на другiм канцы планеты, у Невадзе, узняўся з касмадрома амерыканскi карабель з той жа задачай, на тую ж станцыю "Парытэт", на тую ж арбiту "Трамплiн", толькi са зваротным ходам кружэння.
Караблi былi тэрмiнова пасланы ў космас па камандзе, якая паступiла з навукова-даследчага авiяносца "Канвенцыя", што з'яўляўся плавучай базай Аб'яднанага савецка-амерыканскага цэнтра ўпраўлення праграмы "Дэмiвург".
Авiяносец "Канвенцыя" знаходзiўся ў раёне свайго пастаяннага месцазнаходжання - у Цiхiм акiяне, паўднёвей Алявуцкiх астравоў, у квадраце прыкладна на аднолькавай адлегласцi ад Уладзiвастока да Сан-Францыска. Аб'яднаны цэнтр упраўлення - Абцэнупр - у гэты час напружана сачыў за выхадам абодвух караблёў на арбiту "Трамплiн". Пакуль усё iшло паспяхова. Наперадзе былi манеўры па стыкоўцы з комплексам "Парытэт". Задача была найскладанейшая, стыкоўка павiнна была адбывацца не паслядоўна, адна следам за другой з неабходным iнтэрвалам чарговасцi, а адначасова, абсалютна сiнхронна, з двух розных падыходаў да станцыi.
