"Парытэт" не рэагаваў на сiгналы Абцэнупра з "Канвенцыi" ўжо больш за дванаццаць гадзiн, не рэагаваў ён i на сiгналы караблёў, што iшлi да яго на стыкоўку... Належала высветлiць, што адбылося з экiпажам "Парытэта".

II

Цягнiкi ў гэтых мясцiнах iшлi з усходу на захад i з захаду на ўсход...

Узбоч чыгункi ў гэтых мясцiнах ляжала вялiкая пустынная пространь Сары-Азекi, Сярэдзiнныя землi жоўтага стэпу. У гэтых мясцiнах любая адлегласць вымяралася адносна чыгункi, як ад Грынвiчскага мерыдыяна...

А цягнiкi iшлi з усходу на захад i з захаду на ўсход...

Ад раз'езда Баранлы-Бураннага да спадчынных найманскiх могiлак Ана-Бейiт было прынамсi кiламетраў трыццаць убок ад чыгункi, ды i то пры ўмове, калi дарога была напрасткi, наўздагад па саразеках. Калi ж не рызыкаваць, каб не заблудзiцца выпадкам у стэпе, дык лепш ехаць звычайнай каляiнай, што ўсцяж чыгункi, але тады адлегласць да могiлак яшчэ пабольшае, давядзецца даваць добрага гаку да павароткi ад Кыйсысайскай падзi на Ана-Бейiт. Iншай дарогi няма. Вось i выходзiць у лепшым выпадку трыццаць вёрст у адзiн канец ды столькi ж у другi. Але акрамя самога Едыгея нiхто з цяперашнiх баранлiнцаў дакладна не ведаў, як туды дабрацца, хоць i чулi пра той старадаўнi Бейiт, пра якi расказвалi ўсялякiя гiсторыi, цi то праўду цi байкi, але самiм не даводзiлася там быць. Нагоды такой не было. За многiя гады гэта быў першы выпадак у Баранлы-Буранным, прыдарожным пасёлку з васьмi дамоў, калi памёр чалавек i мелася быць пахаванне. Да гэтага колькi гадоў таму, калi нечакана памерла дзяўчынка ад грудной задухi, бацькi павезлi яе хаваць да сябе на радзiму, ва Ўральскую вобласць. А жонка Казангапава, старая Букей, ляжала на станцыйных могiлках у Кумбеле - памерла некалi ў мясцовай бальнiцы, ну i вырашылi тады на станцыi i пахаваць. Везцi нябожчыцу ў Баранлы-Буранны не мела сэнсу. А Кумбель - самая вялiкая станцыя ў Сары-Азеках, да таго ж дачка Айзада жыве там ды зяць, няхай i няўдалiца, п'янтос, але ўсё ж свой чалавек. За магiлкай, маўляў, прыглядаць будуць. Але тады жывы быў Казангап, ён сам рашаў, як яму што рабiць.



18 из 272