
А цяпер думалi-меркавалi, як быць.
Едыгей, аднак, настаяў на сваiм.
- Ды кiньце вы нявартае гаварыць, - сарамацiў ён маладых. - Хаваць такога чалавека будзем на Ана-Бейiце, там, дзе продкi ляжаць. Там, дзе наказваў сам нябожчык. Давайце ад слоў да справы пяройдзем, рыхтавацца будзем. Дарога няблiзкая. Заўтра як раней з месца рушым...
Усе разумелi - Едыгей меў права прыняць рашэнне. На тым i пагадзiлiся. Праўда, Сабiтжан спрабаваў быў пярэчыць. Падаспеў ён у той дзень спадарожным таварняком, пасажырскiя цягнiкi тут не затрымлiвалiся. I тое, што прыехаў на пахаванне бацькi, хоць i не ведаў, жывы яшчэ той цi не, ужо адно гэта расчулiла i нават узрадавала Едыгея. I былi хвiлiны, калi яны абнялiся i плакалi, пародненыя адным горам i адною скрухай. Едыгей потым дзiвiўся самому сабе. Прыцiскаючы Сабiтжана да грудзей i плачучы, ён не мог справiцца з сабой, усё гаварыў, усхлiпваючы: "Добра, што ты прыехаў, родненькi, добра, што прыехаў!" - нiбыта ягоны прыезд мог падняць Казангапа. I чаму Едыгей так расплакаўся, сам не мог зразумець, нiколi з iм такога не здаралася. Доўга яны плакалi на двары, ля дзвярэй асiрацелай мазанкi. Нешта падзейнiчала на Едыгея. Успомнiлася, што Сабiтжан вырас на ягоных вачах, хлапчуком быў, любiмцам бацькавым быў, вазiлi яго вучыцца ў Кумбельскую школу-iнтэрнат для дзяцей чыгуначнiкаў, як выпадаў вольны час, наязджалi праведаць - то спадарожным саставам, то верхам на вярблюдах. Як ён там у iнтэрнаце, цi не пакрыўдзiў хто, цi не нарабiў чаго брыдкага, ды як вучыцца, ды што кажуць пра яго настаўнiкi... А на канiкулах колькi разоў, захутаўшы ў кажух, везлi верхам па снежных саразеках, у мароз ды завiруху, каб толькi не спазнiўся на заняткi.
