
Эх, беззваротныя днi! I ўсё гэта адышло, сплыло, як сон. I вось цяпер стаiць дарослы чалавек, толькi збольшага нагадваючы таго, якiм ён быў у маленстве - вiрласты i ўсмешлiвы, а цяпер у акулярах, у расплюшчаным капелюшы, пры пакамечаным гальштуку. Працуе ў абласным горадзе i надта хоча здавацца самавiтым, адказным работнiкам, а жыццё такая штука, што не так i проста выйсцi ў начальнiкi, як ён сам неаднойчы казаў, асаблiва калi няма падтрымкi добрай цi знаёмства або сваяцтва, а хто ён - сын нейкага Казангапа з нейкага раз'езда Баранлы-Бураннага. Няшчасны гэткi. А цяпер i такога бацькi няма, самы няварты бацька, але жывы, у тысячу разоў лепш за славутага мёртвага.
А потым слёзы сунялiся. Перайшлi да размоў, да справы. I тут выявiлася, што сынок дарагi ды вучоны не хаваць прыехаў бацьку, а так, дзеля прылiку, каб адбыць рату, прысыпаць зямлёй збольшага i як хутчэй назад. Пачаў ён неяк так выказвацца - навошта, маўляў, перцiся ў такую далеч на Ана-Бейiт, наўкол вунь колькi вольнага месца - бязлюдны стэп Сары-Азек ад самога парога i да самага краю свету. Можна выкапаць магiлу дзе-небудзь непадалёк, на ўзгорачку якiм, узбоч той жа чыгункi, няхай ляжыць сабе стары абходчык ды чуе, як цягнiкi бягуць перагонам, на якiм ён прарабiў усё жыццё. Прыгадаў нават дзеля выпадку прымаўку даўнюю: пазбавiцца ад мёртвага можна толькi закапаўшы яго. Навошта марудзiць, навошта мудраваць, цi не ўсё роўна, дзе ляжаць, - тут чым хутчэй, тым лепей.
Разважаў ён такiм чынам, а сам нiбы апраўдваўся, што справы тэрмiновыя ды важныя чакаюць яго на рабоце, што часу мала, а начальству клопату няма да таго, далёка цi блiзка тут могiлкi, на працу загадана з'явiцца ў такi дзень, у такую пару - i ўсё. Начальства гэта начальства, а горад гэта горад...
Едыгей назваў сябе ў душы старым дурнем. Сорамна i шкада стала, што плакаў наўзрыд, расчулены сустрэчай з гэтым во нiбыта сынам нябожчыка Казангапа. Едыгей узняўся з месца, сядзелi яны чалавек пяць на старых шпалах, перанесеных пад лаву да сцяны, i яму каштавала нямала сiл, каб стрываць, не нагаварыць пры людзях у такi дзень чаго крыўднага i абразлiвага. Шанаваў памяць Казангапа. Сказаў:
