
Едыгей спагнаў злосць на Каранары:
- Ты чаго равеш, кракадзiл? Ты чаго галосiш у неба, нiбы цябе там сам бог чуе? - Кракадзiлам абзываў Едыгей свайго вярблюда ў самых крайнiх выпадках, калi ўжо не было як трываць. Гэта прыезджыя пуцейцы прыдумалi Бураннаму Каранару такую мянушку праз зубастую пашчу ды злосны нораў. - Ты ў мяне дакрычышся, кракадзiл, я табе ўсе зубы выб'ю!
Трэба было згламаздаць сядло для вярблюда, i, прыступаючы да справы, Едыгей патрохi супакойваўся, лагоднеў. Залюбаваўся. Прыгожы i магутны быў Буранны Каранар. Да галавы рукой не дастанеш, хоць Едыгей быў росту немалога. Едыгей выбраў момант, прыгнуў вярблюду шыю i, пастукваючы пугаўём па мазолiстых каленях, падпускаючы ў голас строгасцi, асадзiў яго. Гучна пратэстуючы, вярблюд усё ж падпарадкаваўся волi гаспадара, i калi, нарэшце, склаўшы пад сябе ногi, ён прылёг грудзямi на зямлю i супакоiўся, Едыгей прыступiў да справы.
Асядлаць вярблюда па-сапраўднаму - гэта цяжкая праца, усё роўна што дом пабудаваць. Сядло робяць кожны раз нанова, увiшнасць ды i сiлы немалыя, тым болей калi сядлаеш такога аграмаднага вярблюда, як Каранар.
