Каранарам, гэта значыць Чорным Корам, ён называўся не так сабе. Чорная патлатая галава з чорнай, што расла аж да загрыўка магутнай барадой, шыя нiзам уся ў чорных касмылях - яны звiсалi да калень густой дзiкай грывай - галоўнае ўпрыгожанне самца, - пара пругкiх гарбоў, што ўзвышалiся, як чорныя вежы, на спiне. I ў дадатак да ўсяго - чорны кончык куртатага хваста. А ўсё астатняе верх шыi, грудзi, бакi, ногi, жывот, - наадварот, было светлае, светла-рудой масцi. Тым i прыгожы быў Буранны Каранар, тым i знакамiты - i паставай, i масцю. I сам ён той парой быў у самай сваёй сiле - трэцi дзесятак iшоў Каранару.

Вярблюды доўга жывуць. Таму, мусiць, прыплод у iх бывае на пятым годзе i затым не кожны год, а толькi ў два гады раз, i плод выношваюць у чэраве даўжэй за iншых жывёл - дванаццаць месяцаў. Малога вярблюда цяжка выходжваць першыя год - паўтара, цяжка ўберагчы ад прастуды, ад стэпавых скразнякоў, а потым ён расце з дня на дзень, i тады яму нiчога ўжо не страшна - нi холад, нi спёка, нi бязводдзе...

Едыгей ведаў усё пра гэта - Буранны Каранар быў у яго заўсёды дагледжаны. Першая прыкмета здароўя i сiлы - чорныя гарбы на iм тырчэлi як чугунныя. Некалi Казангап падарыў яго яшчэ малочным, маленькiм, пушыстым, як качанё, у тыя гады першапачатковыя, як вярнуўся Едыгей з вайны ды астайбаваўся на раз'ездзе Баранлы-Буранным. А сам Едыгей малады быў яшчэ - уга! Ведаць не ведаў, што застанецца тут да сiвой галавы. Iншым разам зiрне на тыя фотаздымкi i сам не верыць сабе. Так перамянiцца - белы ўвесь. Нават бровы i тыя сiвыя. I аблiччам, вядома, другi стаў. А целам не пацяжэў, як бывае ў такiм узросце. Неяк само па сабе сталася - спачатку вусы адгадаваў, потым бараду. Яно як без барады, усё роўна як голым хадзiць. Цэлая вечнасць прайшла, можна сказаць, з тае пары.

Вось i цяпер, сядлаючы Каранара, якi ляжаў на зямлi, ушчуваючы яго то голасам, то намахам рукi, калi той не-не ды i агрызаўся, равучы, як леў, паварочваючы чорную патлатую галаву на даўжэзнай шыi, Едыгей няўзнак прыгадваў сёння, што было ды як было ў тыя гады. I адчуваў палёгку.



23 из 272