Доўга ён важдаўся, усё ўкладваў, парадкаваў збрую. Гэты раз, перш чым зладкаваць сядло, ён накрыў Каранара найлепшай выязной капай старадаўняй работы, з рознакаляровымi доўгiмi кутасамi, з дывановымi ўзорамi. Не памятаў ужо, калi апошнi раз прыбiраў ён Каранара ў гэтую адмысловую збрую, якую так берагла Укубала. Надарыўся цяпер такi выпадак...

Калi Буранны Каранар быў асядланы, Едыгей прымусiў яго падняцца на ногi i застаўся вельмi задаволены. I нават усцешыўся сваёй работай. Каранар меў выгляд велiчны i паглядны, упрыгожаны капай з кутасамi i па-майстэрску зладкаваным сядлом памiж гарбамi. Не, няхай палюбуюцца маладыя, асаблiва Сабiтжан, няхай зразумеюць: пахаванне вартага чалавека не цяжкая прынука, не нудная рата, а вялiкая, хай i журботная падзея, i таму ёй павiнны адпавядаць свае ўстанаўленнi. Недзе граюць музыку, выносяць сцягi, недзе бабахаюць у паветра, а недзе кветкi раскiдаюць i вянкi нясуць.

А ён, Буранны Едыгей, заўтра з ранiцы ўзначалiць верхам на Каранары, прыбраным посцiлкай з кутасамi, праводзiны на Ана-Бейiт - на апошнi i вечны прытулак Казангапа... I ўсю дарогу будзе Едыгей думаць пра яго, пераадольваючы вялiзарныя i пустынныя саразекi. I з думкамi пра яго аддасць яго зямлi на спадчынных могiлках, як i была ў iх пра тое дамова. Так, была такая дамова. Цi далёкая, цi блiзкая дарога, але нiхто не саб'е яго з думкi, што трэба выконваць волю Казангапа, нават родны сын нябожчыка.

Няхай усе ведаюць, што будзе так, i дзеля гэтай мэты ягоны Каранар гатовы - асядланы i спарадкаваны збруяй.

Няхай усе бачаць. Едыгей павёў Каранара на повадзе ад загона наўкруг усiх дамоў i паставiў на прывязь каля Казангапавай мазанкi. Няхай усе бачаць. Не можа ён, Буранны Едыгей, не стрымаць свайго слова. Толькi дарэмна ён гэта даказваў. Пакуль Едыгей займаўся збруяй, Доўгi Эдыльбай, налучыйшы момант, адвёў Сабiтжана ўбок.



24 из 272