
- Хадзем у халадок памяркуем.
Там у iх размова была нядоўгая. Эдыльбай не стаў угаворваць, выказаўся шчыра:
- Ты вось што, Сабiтжан, падзякуй богу, што ёсць такi Буранны Едыгей на свеце, сябар твайго бацькi. А спяшаеш, мы цябе не трымаем. Я за цябе кiну лiшнiя прыгаршчы зямлi.
- Гэта мой бацька, i я сам ведаю... - пачаў быў Сабiтжан, але Эдыльбай перапынiў яго:
- Бацька, канечне, твой, ды толькi вось ты сам не свой.
- Ну ты скажаш, - палагоднеў Сабiтжан. - Добра, давай не будзем у такi дзень. Няхай будзе Ана-Бейiт, якая рознiца, проста я думаў - далекавата.
На тым i скончылi. I калi Едыгей, паставiўшы Каранара ўсiм напаказ, вярнуўся i сказаў баранлiнцам: "Ды кiньце не па-джыгiцку гаварыць. Хаваць такога чалавека будзем на Ана-Бейiце..." - нiхто не запярэчыў, усе моўчкi згадзiлiся...
Вечар i ноч таго дня ўсе былi разам, па-суседску, на двары перад домам нябожчыка, бо i надвор'е спрыяла. Пасля дзённай спёкi рэзка пабралася на прахалоду. Вялiкая, сутонлiвая, бязветраная цiшыня апанавала свет. I ўжо нацямкi скончылi свежаваць тушу заколатага на заўтрашнiя памiнкi барана. А пакуль чай пiлi ля дымных самавараў ды размовы розныя вялi пра тое-сёе. Амаль усе прыгатаваннi да пахавання былi зроблены, i цяпер заставалася адно: чакаць ранiцы, каб рушыць на Ана-Бейiт. Паволi i цiхамiрна доўжылася тая вечаровая часiна, як i мае быць пры сконе старога чалавека - чаго ўжо залiшне тужыць...
А на раз'ездзе Баранлы-Буранным, як заўсёды, прыходзiлi i адыходзiлi цягнiкi - сыходзiлiся з усходу i захаду i разыходзiлiся на ўсход i захад...
Так яно было ў той вечар напярэдаднi выезда на Ана-Бейiт, i ўсё б нiшто сабе, каб не адзiн непрыемны выпадак. На той час спадарожным таварняком прыбыла на пахаванне i Анзада са сваiм мужам. I варта было ёй, толькi паявiўшыся, уголас зарыдаць, як жанчыны акружылi яе i таксама заплакалi. Асаблiва Укубала перажывала, нароўнi з Анзадой. Шкадавала яна яе. Дужа яны плакалi i галасiлi. Едыгей спрабаваў быў супакоiць Анзаду: што ж, маўляў, цяпер рабiць, за нябожчыкам следам не пойдзеш, трэба змiрыцца з лёсам. Але Анзада не сунiмалася.
