Так яно бывае часта - бацькава смерць дала ёй волю выплакацца, расхiнуць душу i знайсцi палёгку ў горасным слове. Плачучы ўголас, звярталася яна да нябожчыка-бацькi, па-жаночы жалiлася на сваю няўдалую жытку, што, маўляў, няма каму яе нi зразумець, нi прыгарнуць, што не пашчасцiла ёй з маладых год, муж п'янтос, дзецi з ранiцы да вечара носяцца без нагляду i строгасцi i таму во сталi бэйбусамi, а заўтра, глядзi, i бандзюгамi стануць, цягнiкi пачнуць рабаваць, старэйшы вунь i выпiваць пачаў, i мiлiцыя прыходзiла ўжо, папярэдзiлi яе - хутка справа дойдзе да пракуратуры. А што яна можа зрабiць адна, а iх-то пяцёра! А бацьку ўсё адно...

А таму i праўда было ўсё адно, мужык яе сядзеў пануры i абыякавы, са спустошаным тварам i моўчкi палiў сабе смуродныя цыгарэты... Але тут недарэчы ўмяшаўся брат - Сабiтжан. З таго i пачалося. Сабiтжан пачаў ушчуваць сястру: ды што ж гэта такое, бацьку хаваць i сябе бэсцiць?

Анзада нiбыта гэтага толькi i чакала. I ўзняла яна голас з новай сiлай i ярасцю. Ах ты такi разумны ды вучоны знайшоўся! Ты, маўляў, спачатку сваю жонку навучы. Чаму яна не прыехала i не паказала нам, як плакаць? А ёй не грэх быў бы паплакаць над бацькам, якога яна, зараза, ды i ты, падкаблучнiк подлы, абабралi, абрабавалi да нiтачкi. Мой муж, якi ён нi алкаголiк, але ён тут, а дзе твая жоначка, кемная-прыемная?

Сабiтжан тады пачаў крычаць яе мужу, каб той прымусiў змоўкнуць Анзаду, а той раптам раз'ятрыўся i кiнуўся душыць Сабiтжана...

Ледзь супакоiлi баранлiнцы раз'ятраных сваякоў. Непрыемна i сорамна было ўсiм. Едыгей дужа расхваляваўся. Ведаў ён iм цану, але такой праявы не чакаў. I сам зласлiва папярэдзiў iх: калi вы не паважаеце адно аднаго, дык не ганьбiце хаця б бацькавай памяцi, а iнакш не дазволю вам нiкому тут заставацца, не пагляджу нi на што, вiнавацьце самi сябе...



26 из 272