
Вось якая прыкрая гiсторыя здзеiлася напярэдаднi пахавання. Дужа азмрочыўся Едыгей. I зноў напружана сышлiся бровы на пахмурым чале, i зноў жальба iрвала сэрца: адкуль яны, дзецi iх, i чаму яны сталi такiмi? Хiба пра тое марылi яны з Казангапам, калi ў спёку i холад вазiлi iх у кумбельскi iнтэрнат, каб толькi вывучылiся, выйшлi ў людзi, каб не засталiся марнець на якiм-небудзь раз'ездзе ў саразеках, каб не клялi потым лёс: вось, маўляў, бацькi не паклапацiлiся. А выйшла ўсё наадварот. Што перашкодзiла iм стаць людзьмi, за якiх не сорамна было б перад грамадой?
I зноў Доўгi Эдыльбай выручыў, спагаду жыцейскую праявiў i тым надта памог Едыгею ў той вечар. Ён дык разумеў, як чулася Едыгею. Дзецям нябожчыка заўжды першае месца на пахаваннi, так яно ўжо вядзецца на свеце. I нiкуды iх не дзенеш, якiмi б бессаромнымi i нiкчэмнымi яны нi былi. Каб хутчэй забылася прыкрая спрэчка памiж братам i сястрой, Эдыльбай запрасiў усiх мужчын да сябе ў дом. Чаго, маўляў, мы будзем на двары зоры на небе лiчыць, хадзем пачаюем, пасядзiм у нас...
У доме ў Доўгага Эдыльбая Едыгей трапiў нiбы ў другi свет. Ён i раней заходзiў сюды па-суседску i кожны раз быў задаволены, душа ягоная поўнiлася цiшынёй i спагадай да гаспадароў. Сёння ж яму хацелася як болей пабыць тут, патрэба была такая - нiбы павiнен быў набрацца ён тут патрачанай сiлы.
Доўгi Эдыльбай быў такiм жа чыгуначным рабочым, як i другiя, заробку меў не болей за другiх, жыў, як i ўсе, у палове зборнашчытавога домiка з двух пакояў ды кухнi, але зусiм iншае жыццё ўладарыла тут - чыста, утульна, светла. Той жа чай, што i ў iншых, у Эдыльбаевых пiялах Едыгею здаваўся празрыстым сотавым мёдам. Эдыльбаева жонка i сама спраўная, i ў доме гаспадыня, i дзецi як дзецi... Пажывуць у саразеках колькi змогуць, думаў Едыгей, а там перабяруцца куды iм лепей. Шкада будзе, калi паедуць яны адсюль...
