Скiнуўшы свае кiрзачы яшчэ на ганку, сядзеў Едыгей у пакоi, падцiснуўшы пад сябе ногi ў шкарпэтках, i першы раз за дзень адчуў, як стамiўся i згаладнеў. Прыхiнуўся спiной да дашчанай сцяны, сцiшыўся. А наўкол расселiся ўскрай круглага столiка наземнага астатнiя госцi, нягучна перамаўляючыся пра тое ды сёе...

Сур'ёзная размова пачалася потым, дзiўнаватая гаворка ўсчалася. Едыгей ужо i забыў пра касмiчны карабель, што стартаваў мiнулай ноччу. А вось дасведчаныя людзi сказалi такое, што i ён задумаўся. Не тое каб ён зрабiў адкрыццё для сябе, проста падзiвiўся iх развагам i сваёй недасведчанасцi на гэты конт. Але ён не адчуваў пры гэтым нейкага дакору - для яго ўсе гэтыя касмiчныя палёты, якiя так цiкавiлi ўсiх, былi надта далёкай, неверагоднай, чужой яму справай. Таму i адносiны да ўсяго гэтага былi насцярожана-пачцiвыя, як да быцця нейкай магутнай безаблiчнай волi, якую ў лепшым выпадку ён можа толькi ўзяць пад увагу. I, аднак, вiдовiшча карабля, якi iмкнуў у космас, унутрана спалахнула i захапiла яго. Пра тое i зайшла гаворка ў доме Доўгага Эдыльбая.

Сядзелi яны напачатку, пiлi шубат-кумыс з вярблюджага малака. Цудоўны быў шубат, ахаладалы, пенiсты, хмяльны трохi. Прыезджыя кантрольна-рамонтныя пуцейцы, бывала, вунь як пiлi яго, называючы саразекскiм пiвам. А да гарачай стравы ў гэтым доме знайшлася i гарэлка. Калi здаралася такое, Буранны Едыгей наогул не адмаўляўся, выпiваў за кампанiю, але гэтым разам не стаў i тым самым, думалася яму, i другiм даў зразумець, што не варта прычыняцца - заўтра меўся быць цяжкi дзень, далёкая дарога. Непакоiла яго тое, што другiя, асаблiва Сабiтжан, шчыравалi, запiвалi гарэлку шубатам. Шубат i гарэлка добра ладзяць, як пара паслухмяных коней, добра iдуць побач, - весяляць чалавека. Сёння ж гэта было лiшнiм. Але як загадаеш дарослым людзям не пiць? Самi павiнны ведаць край i меру. Заспакойвала хiба тое, што муж Айзады пакуль абыходзiў чарку, алкаголiку цi многа трэба, схмялеў бы ўраз, але ён пiў толькi шубат, мусiць, разумеў-такi, што гэта ўжо занадта - валяцца ў дымiну п'яным на пахаваннi цесця. Аднак наколькi хопiць яму вытрымкi, адзiн бог ведае...



28 из 272