
А па баках ад чыгункi ў гэтых мясцiнах ляжала вялiкая пустынная пространь - Сары-Азекi, Сярэдзiнныя землi жоўтых стэпаў.
У гэтых мясцiнах любая адлегласць вымяралася адносна чыгункi, нiбы адносна якога Грынвiчскага мерыдыяна...
А цягнiкi iшлi з усходу на захад i з захаду на ўсход...
Апоўначы нехта доўга i настойлiва дабiраўся да яго ў будку стрэлачнiка, спачатку наўпрост па шпалах, потым, як паказаўся наперадзе стрэчны цягнiк, скацiўшыся з адхону, прабiраўся, як у пургу, засланiўшыся рукамi ад ветру i пылу, якiя выносiла шквалам з-пад хуткага таварняка (гэта iшоў зялёнай вулiцай лiцерны састаў - цягнiк асобага прызначэння, ён паварочваў затым на асобную лiнiю ў закрытую зону Сары-Азек, там у iх свая, асобная чыгуначная служба, далей, на касмадром, карацей кажучы, таму цягнiк iшоў увесь закрыты брызентам i з вайсковай аховай на платформах). Едыгей адразу здагадаўся, што гэта жонка спяшала да яго, што нездарма спяшаецца i што ёсць на тое нейкая надта сур'ёзная прычына. Так яно потым i пацвердзiлася. Але паводле абавязку службы ён не меў права адлучацца з месца, пакуль не пракоцiцца мiма апошнi хваставы вагон з кандуктарам на адкрытай пляцоўцы. Яны пасiгналiлi адзiн аднаму лiхтарамi ў знак таго, што ўсё ў парадку, i толькi тады бадай аглохлы ад суцэльнага шуму Едыгей павярнуўся да задыханай жонкi:
- Ты чаго?
Яна трывожлiва зiрнула на яго i шавяльнула губамi. Едыгей не пачуў, але зразумеў - так i думаў.
- Хадзем сюды ад ветру. - Ён павёў яе ў будку.
Але перш чым пачуць з яе вуснаў тое, пра што сам здагадваўся, у тую хвiлiну чамусьцi здзiвiла яго iншае. Хоць i раней ён прыкмячаў, што гады не маладзiлi яе, але гэты раз, калi ўбачыў яе задыханую пасля цяжкай хадзьбы, тое, як страшна хрыпела i сiпела ў яе грудзях i як ненатуральна высока ўздымалiся яе схуднелыя плечы, яму стала балюча i крыўдна за яе. Моцнае электрычнае святло ў маленькай,
