чыста пабеленай чыгуначнай будцы яшчэ больш падкрэслiла застарэлыя змаршчакi на счарнелых шчоках Укубалы (а быў жа некалi твар смуглявы, роўнага пшанiчнага адцення, i вочы заўжды ззялi чорным бляскам), i яшчэ гэты шчарбаты рот, якi наводзiў на думку, што пажылай жанчыне хоць бы ўжо не быць бяззубай (даўно трэба звазiць яе на станцыю ўставiць гэтыя самыя металiчныя зубы, цяпер усе, i стары i малы, ходзяць з такiмi), а тут яшчэ гэтыя сiвыя, белыя-белыя пасмы валасоў, рассыпаныя па твары, выбiўшыся з-пад хусткi, балюча рэзнулi па сэрцы. "Эх, як пастарэла ты ў мяне", пашкадаваў ён яе ў душы з нейкiм шчымлiвым пачуццём уласнай вiны. I таму яшчэ больш адчуў у сабе маўклiвую ўдзячнасць за ўсё тое, што было перажыта разам многiя гады, i асаблiва за тое, што прыбегла вось па чыгунцы, сярод ночы, у самы дальнi канец раз'езда з-за павагi i абавязку, бо ведала, што гэта важна для Едыгея, прыбегла сказаць пра смерць няшчаснага старога Казангапа, адзiнюткага, - так i памёр адзiн у пустой мазанцы, бо разумела - толькi Едыгей адзiн на свеце блiзка да сэрца прыме смерць усiмi забытага чалавека, хоць нябожчык i не даводзiўся мужу нi братам, нi сватам.

- Садзiся, аддыхайся, - сказаў Едыгей, калi яны ўвайшлi ў будку.

- I ты садзiся, - сказала яна мужу.

Яны селi.

- Што здарылася?

- Казангап памёр.

- Калi?

- Ды вось толькi што забегла - як ён там, думаю, можа, што трэба. Уваходжу, святло гарыць, i ён сам на сваiм месцы, i толькi барада стырчком неяк, задралася ўгору. Падыходжу. Казаке, кажу, Казаке, можа, вам чаго гарачага, а ён ужо... - яе голас перацяўся, слёзы нагарнулiся на вейкi, i, усхлiпнуўшы, Укубала цiха заплакала. - Вось як яно выйшла пад канец. Якi чалавек быў! А памёр - некаму, бач, вочы закрыць, - бедавала яна, плачучы. Хто б мог падумаць? Так i памёр чалавек... - Яна хацела сказаць, - як сабака на дарозе, але змоўчала, не стала ўдакладняць, i без таго зразумела.

Слухаючы жонку, Буранны Едыгей, так звалi яго тут, змрочна сядзеў на прыстаўной лаве, паклаўшы цяжкiя, як карчы, рукi на каленi. Казырок чыгуначнай фуражкi, добра-такi зашмальцаваны i паабiты, кiдаў цень на яго вочы. Пра што ён думаў?



5 из 272