- Што будзем рабiць цяпер? - пыталася жонка.

Едыгей падняў галаву, зiрнуў на яе з горкай усмешкай.

- Што будзем рабiць? А што робяць у такiх выпадках? Хаваць будзем. - Ён прыўзняўся з лавы, як чалавек, што ўжо меў рашэнне. - Ты вось што, жонка, вяртайся як хутчэй. А цяпер слухай мяне.

- Слухаю.

- Разбудзi Аспана. Не глядзi, што начальнiк раз'езда, нiчога, перад смерцю ўсе роўныя. Скажы яму, што Казангап памёр. Сорак чатыры гады прарабiў чалавек на адным месцы. Аспан, можа, тады яшчэ i не нарадзiўся, калi Казангап пачынаў тут i нiякага сабаку нi за якiя грошы не зацягнуць было сюды, на саразекi. Колькi цягнiкоў прайшло тут на вяку яго - валасоў не хопiць на галаве. Няхай ён падумае. Так i скажы. I яшчэ слухай...

- Слухаю.

- Будзi ўсiх як аднаго. Стукай у вокны. Колькi нас тут народу - восем дамоў, на пальцах злiчыць... Усiх паднiмi на ногi. Нiхто не павiнен спаць сёння, калi памёр такi чалавек. Усiх паднiмi на ногi.

- А калi лаяцца будуць?

- Наша справа сказаць кожнаму, а там няхай лаяцца. Скажы, што я загадаў будзiць. Трэба сумленне мець. Чакай!

- Што яшчэ?

- Забяжы спачатку да дзяжурнага, сёння Шаймердзен сядзiць дыспетчарам, перадай яму што i як i скажы, няхай падумае, як быць. Можа, знойдзе мне замену гэты раз. Калi што, няхай дасць знаць. Ты зразумела мяне, так i скажы!

- Скажу, скажу, - адказала Укубала, а потым спахапiлася, нiбы ўспомнiўшы раптам пра самае галоўнае, недаравальна забытае ёю. - А дзецi ж яго! Вось табе i на! Трэба ж iм найперш вестку падаць, а то ж як? Бацька памёр...

Едыгей спахмурнеў адчужана, яшчэ больш пасуровеў.

- Якiя нi ёсць, але ж дзецi, - казала Укубала, нiбы апраўдваючы каго, ведаючы, што Едыгею гэта непрыемна слухаць.



6 из 272