
- Ды ведаю, - махнуў ён рукой. - Што ж я, нiчога не цямлю? Яно так, нельга без iх, але каб на тое воля мая, я iх блiзка не дапусцiў бы!
- Едыгей, гэта не наша справа. Няхай прыедуць i самi хаваюць. Размоў будзе пасля, не адмыешся...
- А што я, перашкаджаю? Няхай едуць...
- А калi сын не паспее з горада?
- Паспее, калi захоча. Пазаўчора яшчэ, калi быў на станцыi, сам тэлеграму адбiў яму, што, маўляў, так i так, бацька твой пры смерцi. Чаго болей! Ён сябе разумным лiчыць, павiнен зразумець, што да чаго...
- Ну калi так, то добра, - напэўна прымiрылася жонка з высновамi Едыгея i, усё яшчэ думаючы пра нешта сваё, што трывожыла яе, сказала: - Добра, каб з жонкай прыехаў, усё-ткi свёкра хаваць, а не каго-небудзь.
- Гэта ўжо самi няхай рашаюць. Што тут падказваць, не малыя ж дзецi.
- Яно так, канечне, - усё яшчэ сумняваючыся, згаджалася Укубала.
I яны змоўклi.
- Ну, ты не заседжвайся, iдзi, - нагадаў Едыгей.
У жонкi, аднак, было яшчэ што сказаць.
- А дачка ягоная - Анзада бедная - на станцыi з мужам сваiм, п'янтосам беспрабудным, ды з дзецьмi, ёй таксама трэба паспець на пахаванне.
Едыгей мiжволi ўсмiхнуўся, паляпаў жонку па плячы.
- Ну вось, ты цяпер пачнеш перажываць за кожнага... Да Анзады тут рукой падаць, з ранiцы падскочыць хто-небудзь на станцыю, скажа. Ты, жонка, зразумей адно - i ад Анзады, i ад Сабiтжана тым больш, няхай ён i сын, мужчына, карысцi будзе мала. Вось паглядзiш, прыедуць, нiкуды не дзенуцца, але будуць стаяць як госцi староннiя, а хаваць будзем мы, так ужо выходзiць... Iдзi i рабi, як я сказаў.
Жонка пайшла, потым спынiлася нерашуча i зноў пайшла. Але тут паклiкаў яе сам Едыгей:
- Не забудзь найперш да дзяжурнага, да Шаймердзена, няхай каго пашле замест мяне, я пасля адраблю. Нябожчык ляжыць у пустым доме, i побач нiкога, як можна... Так i скажы...
I жонка пайшла, кiўнуўшы. Тым часам на дыстанцыйным шчыце загуў, замiргаў чырвоным святлом сiгналiзатар - да раз'езда Баранлы-Буранны наблiжаўся новы састаў.
