
"Значыцца, старасць ужо на плячах сядзiць, - падумалася яму. - Вось i дажылi - стары i старая!" I хаця здароўем бог яго не пакрыўдзiў, моцны быў яшчэ, але лiк гадам набягаў немалы - шэсцьдзесят, ды яшчэ з гадком, шэсцьдзесят адзiн было ўжо. "Глядзiш, гады праз два i на пенсiю могуць папрасiць", - сказаў Едыгей сам сабе без пасмiхання. Але ён ведаў, што не так скора пойдзе на пенсiю i не так проста знайсцi чалавека ў гэтых мясцiнах на ягонае месца пуцявога i рамонтнага рабочага, стрэлачнiкам ён бываў час ад часу, калi хто-небудзь захварэе цi пойдзе ў адпачынак. Хiба што хто паквапiцца на дадатковую аплату за аддаленасць i бязводнасць. Але наўрад. Iдзi пашукай такiх сярод цяперашняй моладзi.
Каб жыць на саразекскiх раз'ездах, трэба дух мець, а iнакш прападзеш. Стэп вялiзарны, а чалавек малы. Стэп абыякавы, яму ўсё роўна, добра цi блага табе, прымай яго такiм, якi ён ёсць, а чалавеку не ўсё роўна, што i як на свеце, пакутуе ён, душой хварэе, здаецца яму, што недзе ў другiм месцы, сярод другiх людзей яму б пашанцавала больш, а тут ён паводле поклiчу лёсу... I таму ападае ён духам адзiн на адзiн з няўмольным стэпам, нiшчымнее духам, разраджаецца, як той акумулятар з трохколавага матацыкла Шаймердзена. Гаспадар усё беражэ яго, сам не ездзiць i другiм не дае. Вось i стаiць машына без справы, а як трэба не заводзiцца, ачахла заводская сiла.
