Агата моцна назнарок кашлянула i пачакала. Пэўна, чуў ён, але не падышоў. Агата села на лаўку, пачакала, пакуль там усе разышлiся. Асташонак зусiм знiк з вулiцы. Усё сцiхла. Хоць бы Зыгмусь Чухрэвiч падышоў яшчэ! Агата зачынiла вароты i пайшла спаць у адрынку на канюшыну. Доўга не магла заснуць; чухала пад пахамi, папраўляла пад галавою падушку. Цвыркалi ў канюшыне конiкi, i за шчыльнаю сцяною з смольных аполкаў часта ўздыхала цельная карова.

IV

Ралля дробна рассыпалася пад плугам i прыемна халадзiла босыя ногi. Дзiцячая ўсмешка кволага сонца цалавала зямлю. Пахла на полi бульбаю. Парэзаны плугамi бульбоўнiк выглядаў з раллi.

Рукi ў Агаты былi ў зямлi. Твар абвязаны хусткаю. Фэлька стала пажартаваў:

- Чаго ты гэтае загары баiшся, як ты дыхаць можаш, гэтак абвязаўшыся. Ад цяперашняга сонца загары не будзе.

Агата, як граблася ў зямлi, так, не паднiмаючы галавы, адказала:

- От... табе вельмi абыходзiць, цяжка мне цi лёгка дыхаць.

I падумала, што Фэльку можа нядобра чуць гэткi пануры адказ. Тады глянула на яго, усмiхнуўшыся. Але ўсмешка была схавана пад хусткаю, i Фэлька ўбачыў адно вочы. Агата зноў сказала:

- На пераноссе рабацiнне вельмi ад сонца садзiцца.

- Пераноссе ў цябе якраз на сонцы.

Фэлька запрагаў каня, развязваў вузлы на вяроўцы, абцiраў рукi аб картовае галiфэ. Саскроб вострым каменем зямлю з плуга. Ласкава сказаў да Агаты:

- Найму капальнiкаў ды за дзён тры выберам. Што мы будзем тут з табою корпацца.

Пасля, пачакаўшы:

- Пакiдай, годзе грабцiся, усё роўна гэтых двух градусаў да вечара не выбераш.

- Дык нашто ты разараў гэтулькi?

- Паляжаць да заўтра, лiха iх не возьме... Бачыў ранiцаю Зыгмуся.

- Ну то што, калi бачыў?

- Вельмi рад... Вельмi... Ён цябе будзе глядзець... Будзе цябе на руках насiць.

- Чаму гэта мяне?

- А ён хвалiўся, што ў вас ужо згода.

- Заранне ён да цябе ў швагры лезе, дурны, марцовы кавалер. А ты i ўзрадаваўся...



10 из 19