
- Мне што, як хочаш. Я ў чужыя iнтарэсы не лезу.
- Як не! Я не бачу, як ты мяне з iм зводзiш? Ты хочаш жанiцца, дык каб я табе не замiнала?!
- Агата!..
- Ты думаеш, я не бачу, што тут каля мяне робiцца?!.
- Да душы не, сястра! Цi так, цi так - я неўзабаве жанiцца буду. Ты мне папярок дарогi не стаiш.
Пасля раззлаваўся:
- Дурная ты!
Агата змоўчала.
- Немаведама, з чаго наганяеш сама на сябе жах... Ачамярэлi мне твае гэтыя слёзы.
- Я нiколi слёз не пускаю.
- Дык так усё ныеш.
Цяпер сапраўды ў Агаты заблiшчалi на вачах слёзы. Яна сарвала з твару хустку, кiнула на драбiны. Каля воч пачырванела, твар зрабiўся непрыгожым. Стаўшы на каленi, яна дагрэбла градус. Фэлька ўссыпаў кош бульбы ў воз. Яна атрэпвала спаднiцу ад зямлi, выцiрала кулакамi вочы i пэцкала зямлёю твар. Фэлька цмокнуў на каня, рушыў з поля. Яна засталася адна, каб iсцi наводдалек. Спявалi на полi дробныя птушкi, награвалася сонцам пад нагамi жвiрыстае каменне. Чэзла трава на верасеньскiх межах. Тхнула чабаром i пiжмаю; дрымотна звiнела сухая трава цi то зелле. Спарыш i дзяцельнiк гусцiлiся ля дарог, цвiлi i вялi жоўтыя кветкi на высокiх сцяблах. Яны пападалi мiж пальцаў босых ног, пакiдалi там на нагах галоўкi свае. Агата нагiналася, каб выкiнуць iх. Тады мацней пахла верасеньская зямля.
Даўно схаваўся ў лагчыне за ўзгоркам Фэлька з возам, i яна iшла адна сярод жоўтай задумёнасцi.
"Фэлька раней прыедзе дадому, пачакае яе ссыпаць бульбу з воза, два мяшкi зверху, пэўна, скiне адзiн - здаровы, прыгожы, трохi пануры. I няўжо ён сапраўды стараецца збыць мяне з хаты! Цi не з Алiмпаю гэта зладзiў ён, а тая ж ведзьмаватая трохi, дарма што нядаўна каровы яшчэ пасвiла. А за Фэльку яна маладзейшая гадоў на дзесяць, калi не больш. А можа i не яна гэта, можа iншая. Але ж ходзяць разам вечарамi, Фэлька прападаць у яе падоўгу стаў.
